У Варшаве прайшла акцыя салідарнасці з беларускімі палітвязнямі
14 траўня ў цэнтры Варшавы каля помніка Каперніку прайшла акцыя беларусаў у выгнанні. Галоўная тэматыка акцыі – салідарнасць з беларускімі палітвязнямі. Мінулы тыдзень паказаў, што беззаконне і рэпрэсіі ў Беларусі не спыняюцца, як і смерці палітвязняў за кратамі.
З кожным днём прыходзяць усё горшыя весткі, кажа арганізатарка акцыі Кацярына Кучук:
– Акцыя прысвечана нашым палітвязням, вядомым палітвязням, пра якіх няма звестак, пра некаторых ужо больш за 90 дзён. Калі ёсць навіны, то яны вельмі дрэнныя, вельмі кепскія. Вядома, што быў збіты Віктар Бабарыка, на тым тыдні, што памёр за кратамі адзін з палітвязняў. Адна навіна горш за другую. Ёсць надзея на тое, што сітуацыя зменіцца, што „зорка свабоды недзе заззяла”, бо мы бачым, што стан дыктатара вельмі дрэнны.
Акцыя прайшла як ніколі актыўна. Было шмат выступоўцаў. Людзі выказвалі абурэнне не толькі наконт рэпрэсій унутры краіны, але і адносна запрашэння нелегітымнага Лукашэнкі на саміт ААН. Не абышлі і хваробу самаабвешчанага з надзеяй на яго адыход.
Беларускае Радыё Рацыя