У Варшаве прайшла акцыя ў падтрымку Рамана Пратасевіча (абноўлена)
24 траўня пад сценамі Еўрапейскай Камісіі ў Варшаве прайшла акцыя ў падтрымку Рамана Пратасевіча, якога некалькі дзён назад захапілі беларускія ўлады.
На арганізаваны Цэнтрам Беларускай Салідарнасці пікет выйшла некалькі сотняў беларусаў і палякаў Варшавы. Сваёй акцыяй прысутныя хацелі нагадаць еўрапейскім чыноўнікам, што падобныя дзеянні, якія паставілі пад пагрозы жыцці 126 пасажыраў, не могуць застацца беспакараныя.
Падчас пікету выступілі прадстаўнікі Цэнтру Беларускай Салідарнасці, Народнага антыкрызіснага ўпраўлення, а таксама дэпутат польскага сейму Міхал Шчэрба. Акрамя таго, на акцыі былі заўважаны яскравыя перформансы барабаншчыкаў-анархістаў, Вольнага Хору і Яны Шостак.
Адным з сімвалаў акцыі сталі папяровыя самалёцікі з пасланнямі беларускай дыяспары да Еўрапейскай Камісіі. Напрыканцы пікету актывістка Стася Глінік аб’явіла галадоўку пад сценамі Еўрапейскай Камісіі, якая працягнецца да моманту, пакуль ЕЗ не прыме жорсткія санкцыі.
Канстанцін Ахроменка, Варшава
Фота Кацярыны Грушэцкай