У Варшаве прайшла чарговая акцыя салідарнасці з палітвязнямі



Беларусы Варшавы правялі чарговую акцыю ў падтрымку беларускіх палітвязняў.

На гэты раз да падрыхтоўкі акцыі далучыліся сябры штаба Віктара Бабарыкі з нагоды дня нараджэння палітзняволенай Марыі Калеснікавай, кажа суарганізатар акцыі Алёна Панамарова:

– Марыя Калеснікава стала для ўсіх беларусаў такім сімвалам свабоды, сімвалам мужнасці гэтай дзяўчыны, якая парвала пашпарт на мяжы і вярнулася ў Беларусь. Зараз яна пакутуе, як астатнія палітзняволеныя. Наша задача падтрымліваць гэтых людзей, падтрымліваць сем’і палітвязняў.

Прысутны на акцыі палітолаг і відэаблогер Дзмітрый Балкунец нагадаў, што 24 красавіка дзень народзінаў дзвюх выбітных беларускіх асобаў: Зянона Пазьняка і Марыі Калеснікавай:

– Людзі, якія зрабілі ўклад у Беларусь, у беларускую гісторыю. Зянон Пазьняк у 90-я гады вельмі важную ролю адыграў у незалежнасці Беларусі. Марыя Калеснікава ў 2020 годзе. Сімвалічна, што яны нарадзіліся ў адзін дзень.

Рэпартаж слухайце ў далучаным файле.

Падтрымалі Марыю Калеснікаву і павіншавалі Глеб Германчук, былы палітвязень, адвакат Калеснікавай Ілля Салей, прадстаўніца праекту PolitZek.me Іна Кавалёнак, дэпутат польскага Сейму Міхал Шчэрба і іншыя. Спявак Лявон Вольскі павіншаваў Марыю Калеснікаву песняй „Тры чарапахі”. Людзі гаварылі пра тое, што трэба дзейнічаць, каб спыніць рэпрэсіі ў Беларусі і вызваліць палітвязняў.

Беларускае Радыё Рацыя