У Варшаве прайшла канферэнцыя, прысвечаная БНР



Беларуская Народная Рэспубліка і традыцыя беларускай дзяржаўнасці. Адмысловую канферэнцыю, прысвечаную 100-годдзю БНР, арганізаваў Цэнтр беларускіх студыяў Варшаўскага ўніверсітэта.

Навуковы сход урачыста адкрыў дырэктар Студыюм Усходняй Еўропы Ян Маліцкі. Гісторык зазначыў, што нягледзячы на тое, што БНР не ўдалося абараніць незалежнасць, важна тое, што беларусы разам з іншымі народамі Еўропы заявілі пра сваё імкненне да самастойнасці:

– Удзельнікі і арганізатары хочуць прыгледзецца 100-годдзю Беларускай Народнай Рэспублікі, якое набліжаецца, БНР, як спробе стварэння незалежнай беларускай дзяржавы. Варта памятаць, што мы гаворым пра дзяржаву, якая не была адной на мапе рэгіёна, а была адной з тых, якія з’яўляліся на гэтым абшары пасля развалу Расейскай імперыі.

Удзельнікі зазначылі, што нягледзячы на эпахальнае значэнне БНР для гісторыі, у Беларусі гэтую тэматыку надзвычай мала даследуюць, кажа прафесар Аляксандр Смалянчук:

– Беларуская Народная Рэспубліка адзін з такіх найбольш важных эпізодаў беларускай гісторыі. Такім даследаваннем павінна займацца сур’ёзная дзяржаўная інтстытуцыя, а ёй у Беларусі займаецца 3-4 чалавека. То бок дастатковай увагі з боку дзяржавы да гэтага вельмі важнага перыяду беларускай гісторыі проста няма.

Адметна, што ў выгнанні дагэтуль дзейнічае Рада БНР. Гэта ўнікальная сітуацыя, бо ўсе эміграцыйныя ўрады нашых суседзяў пасля ўпадку камунізму перадалі паўнамоцтвы дэмакратычна абраным уладам.

Як стала вядома, канферэнцыю прысвечаную 100-годдзю БНР збіраюцца арганізаваць і дзяржаўныя структуры. Сам факт анонсу такой падзеі ўжо сведчыць пра некаторыя змены ў праўладным гістарычным дыскурсе, хоць покуль афіцыйны Менск не збіраюцца шырока адзначаць угодкі.

Гаворыць прафесар Святлана Куль-Сяльвестрава:

– Ёсць супрацьпастаўленне БССР – БНР, калі паглядзець, то да гэтага часу БССРаўская сімволіка панавала і пануе, а БНРаўская сімволіка да пэўнага часу была забаронена. Цяпер яна як бы не забаронена, але адначасова і не прапагандуецца. Гэта лакмусавая паперка ў тым, наколькі далёка могуць пасунуцца сённяшнія беларускія ўлады ў абароне суверэнітэта.

Прафесар Святлана Куль-Сяльвестрава дадала, што варта будзе звярнуць увагу на вольнасць думак і ўзровень дыскусіяў падчас канферэнцыі, арганізаванай дзяржаўнымі ўстановамі.

Беларускае Радыё Рацыя