У Варшаве пройдзе фотавыстава „Беларусь: Марш волі”
Па ініцыятыве Еўрапейскага парламента з 4 па 25 сакавіка ў варшаўскай галерэі „Кардэгарда” пройдзе фотавыстава „Беларусь: Марш свабоды”, якая расказвае пра „мірныя пратэсты дэмакратычнай апазіцыі”, паведамляе бюро ЕП у Польшчы.
У экспазіцыі прадстаўленыя работы сямі беларускіх фатографаў: Дар’і Буракінай, Надзеі Бужан, Андрэя Лянкевіча, Лесі Пчолкі, Вольгі Шукайлы, Юліі Шаблоўскай і Аляксандра Васюковіча.
16 снежня 2020 года ў Еўрапарламенце прайшла цырымонія ўручэння беларускай дэмакратычнай апазіцыі прэміі імя Андрэя Сахарава за 2020 год.
Гэтая прэмія — вышэйшая ўзнагарода Еўрасаюза за праваабарончую дзейнасць, адзначыў дырэктар бюро Еўрапарламента ў Польшчы Яцэк Сафута. „Мэта нашай выставы — ушанаванне лаўрэатаў прэміі за 2020 год і адначасова знак таго, што Еўропа іх падтрымлівае і памятае пра іх драматычную барацьбу за фундаментальныя каштоўнасці, такія як сумленныя выбары”, — заявіў ён.
Паводле слоў дырэктара бюро, акрамя фатаграфій на выставе будуць прадстаўленыя ўспаміны і перажыванні аўтараў пра тыя дні.
„З самага пачатку грамадскіх пратэстаў у Беларусі нас вельмі непакоіць лёс яе грамадзян, асабліва творцаў і мастакоў, таму мы ўдзельнічаем у арганізацыі выставы ў знак салідарнасці, а за паўгода да гэтага арганізавалі канцэрт „Іграем за Беларусь” і акцыю #lightforbelarus — падсветка будынкаў у колерах гістарычнага бел-чырвона-белага сцяга Беларусі. Мы паўторым гэтую акцыю сёлета 25 сакавіка, у Дзень Волі — свята, не прызнанае ўрадам Аляксандра Лукашэнкі, але важнае для беларускай апазіцыі”, — заявіў дырэктар галерэі „Кардэгарда” Рафал Вішнеўскі.