У Варшаве пройдзе імпрэза “Muse your Weapon” у падтрымку Украіны
У Варшаве ў сераду, 15 сакавіка, адбудзецца імпрэза “Muse your Weapon” у падтрымку Украіны. Падчас падзеі ўдзельнікі ўбачаць фільмы арт-праекта „Revolution”, пачуюць радыёспектакль „Сябры слухаюць вайну”, пазнаёмяцца з творамі ўкраінскіх, польскіх і беларускіх мастакоў.
Пра канцэпцыю мерапрыемства распавядаюць рэжысёр арт-праекту „Revolution” Даша і яго прадзюсар Маша:
-Нам было важна выйсці за рамкі галерэйнай прасторы, бо выстава праходзіць у андэграундным бары. Увогуле вельмі цікава паглядзець, што досведы, кантэксты Беларусі, Украіны і Польшчы быццам вельмі розныя, але ўсё роўна, ёсць агульня нітачкі, якія іх аб’ядноўваюць разам.
-Важная мэта гэтага праекту – гэта інтэграцыя нашых некалькіх народаў – Беларусі, Украіны, Польшчы. Зараз мы ўсе згуртаваліся. Вельмі важна гэта паказваць у мастацтве. І гаварыць пра тое, што мы падтрымліваем Украіну, і пра тое, якая Беларусь, і як у тым ліку польскае мастацтва інтэгруецца ў нашыя праекты, і так далей.
Таксама падчас мерапрыемства адбудзецца выступ кіеўскага музыкі Аляксея Падата і dj-set ад радыё „Capital”. Сродкі, сабраныя на вечары, будуць накіраваныя ў фонд „Музыкі абараняюць Украіну”.
Імпрэза адбудзецца ў клубе „Chmury” (11 listopada 22). Пачатак у 19:00.
Марына Савіцкая, Беларускае Радыё Рацыя