Прадстаўнікі этнічных меншасцяў не дачакаліся прэм’ера Эвы Копач



Мінае дзесяць гадоў ад заснавання Супольнай камісіі ўрада і нацыянальных ды этнічных меншасцяў у Польшчы. З гэтай нагоды ў канцылярыі прэм’ер-міністра ў Варшаве адбылася ўрачыстая сустрэча яе чальцоў. Найбольш актыўныя сябры камісіі атрымалі медалі і дыпломы. Быў гэта таксама час на падвядзенне вынікаў і рэфлексіі наконт дзейнасці супольнай камісіі. Паводле Янкі Сычэўскага з Беларускага грамадска-культурнага таварыства, на працягу дзесяці гадоў канкрэтных справаў вырашаных камісіяй, было няшмат.

– Дзякуючы прапановам камісіі, ўведзена магчымасць паклікання дапаможнай мовы нацыянальных меншасцяў у тых мясцовасцях, у якіх больш за 20% на тэрыторыі гміны пражывае прадстаўнікоў нацыянальных меншасцяў. Але яно вынікала таксама з закона, таму што закон аб нацыянальных меншасцях аб гэтым таксама гаварыў.

Паводле падсакратара стану ў Міністэрстве адміністрацыі і цыфрызацыі Дабеслава Жэменеўскага, апрача пленарных паседжанняў камісіі, праходзяць таксама сустрэчы рабочых групаў, на якіх на працягу 10 гадоў узнята шэраг пытанняў, важных для меншасці.

– Рабочыя групы, якія цяпер функцыянуюць, – гэта групы для фінансавання асветы нацыянальных меншасцяў і па справах падручнікаў. Стварылі мы адмысловую дарожную карту – у які спосаб гэта выканаць, бо існуе недахоп падручнікаў для некаторых нацыянальных меншасцяў, перадусім падручнікаў па сваіх мовах, а таксама па гісторыі і культуры.

[Not a valid template]

Лукаш Леанюк, Варшава, Беларускае Радыё Рацыя

* * *

Непрыемнасцю закончылася сустрэча з нагоды 10-годдзя заснавання Супольнай камісіі ўрада і нацыянальных ды этнічных меншасцаў у Польшчы. На ўрачыстую сустрэчу не з’явіліся ні прэм’ер-міністр Эва Копач, ні міністр адміністрацыі і цыфрызацыі Анджэй Галіцкі, адказны за меншасці. Гэта вельмі расчаравала прадстаўнікоў меншасці, якія хацелі пераказаць свае думкі і пажаданні найвышэйшым уладам Польшчы.

Кажа cустаршыня Супольнай камісіі Рафал Бартэк:

– Некалькі чалавек рыхтавалі гэтае спатканне. Яшчэ ўчора мы абмяркоўвалі, што паведаміць, на чым зрабіць акцэнты. Сёння адбылося пасяджэнне прадстаўнікоў меншасці адпаведнай камісіі. Мы горача дыскутавалі і агучвалі тыя моманты, якія істотныя. І цяпер склалася такая сітуацыю, што мы мусім у тым самым коле абмеркаваць тыя самыя рэчы, якія ўжо абмяркоўвалі.

Паводле падсакратара стану ў Міністэрстве адміністрацыі і цыфрызацыі Дабеслава Жэменеўскага, адсутнасць міністраў выклікана пільнай сустрэчай польскага ўрада ў справе эмігрантаў, якія маюць быць прынятыя ў Польшчы. У час сустрэчы прадстаўнікоў меншасці былыя і цяперашнія чальцы атрымалі дыпломы і адзнакі за дзейнасць у Супольнай камісіі.

* * *

Прадстаўнікі этнічных меншасцяў збіраюцца ў Варшаве на юбілейны сход з нагоды 10-годдзя заснавання супольнай камісіі ўрада і нацыянальных ды этнічных меншасцяў у Польшчы. У канцылярыі прэм’ер-міністра адбудзецца ўрачыстая сустрэча сябраў камісіі.

Беларускую меншасць прадстаўляюць віцэ-старшыня Беларускага саюзу ў Польшчы Славамір Іванюк і старшыня Беларускага грамадска-культурнага таварыства Янка Сычэўскі. У час сустрэчы былыя і цяперашнія сябры атрымаюць дыпломы і адзнакі за дзейнасць у камісіі. Ад самага пачатку ў камісіі працаваў таксама Яўген Вапа, старшыня Беларускага саюзу ў Польшчы, замест яго ў камісію ўвайшоў Славамір Іванюк.

Лукаш Леанюк, Беларускае Радыё Рацыя, Варшава

Фота: mac.gov.pl