У Варшаве ўшанавалі памяць ахвяраў сталінізму



Ахвяраў сталінскіх рэпрэсій ушанавалі таксама і ў Польшчы. У Варшаве ля Катыньскага каменя, што побач з Замковым пляцам, сабраліся некалькі дзясяткаў чалавек. Жалобную маніфестацыю зладзіла асацыяцыя “За свабодную Расею!”.

Акцыя традыцыйна называлася “Вяртанне імёнаў” – падчас сходу сімвалічна зачытвалі імёны закатаваных. Гаворыць адзін з арганізатараў Ян Маравіцкі:

– Цягам гадзіны мы паспелі прачытаць 150 імёнаў. Гэта абсалютна розныя людзі, людзі розных нацыянальнасцей і прафесій, грамадзяне розных краін, а не толькі грамадзяне былога СССР. У гэтым годзе мы чыталі спісы ахвяр, якія загінулі на тэрыторыі Сібіры, Хакасіі, Беларусі, Украіны і Рэспублікі немцаў Паволжа.

Апроч варшаўскіх расейцаў, у маніфестацыі прынялі ўдзел палякі, украінцы, а таксама беларусы.

Адам Завальня, Беларускае Радыё Рацыя, Варшава

Фота аўтара