У Варшаве ўшанавалі памяць добраахвотніка Міколы Ільіна
У Беларускім доме Варшавы 13 ліпеня прайшоў Вечар памяці Міколы Ільіна – беларускага героя-добраахвотніка, які загінуў за Украіну. Ён змагаўся з лукашэнкаўскім рэжымам, праз гэта вымушаны быў з´ехаць у Эстонію, стаў яе грамадзянінам і паспяховым прадпрымальнікам, але тры гады таму паехаў ва Украіну ў якасці вайсковага лекара, загінуў, дапамагаючы параненаму.
Беларусы павінны памятаць і ўшаноўваць герояў, кажа былая палітзняволеная Іна Шырокая:
– Наш боль, трагедыя. Гэта вельмі страшна, што людзі працягваюць паміраць, гэта жахлівая трагедыя. Я спадзяюся, што такіх трагедый не будзе, але ўсё кажа пра адваротнае, што ахвяры будуць і будуць яшчэ расці. Гэта жахліва.
Вечар памяці праходзіў на фоне выставы пад назвай „З Украінай у сэрцы”, прысвечанай загінулым ва Украіне беларусам і тым, хто працягвае змаганне. Выстава адкрытая да 18 ліпеня.
Беларускае Радыё Рацыя