У Варшаве ўзгадалі Уладзіміра Мулявіна
Уладзіміра Мулявіна – легендарнага лідара “Песняроў” – узгадалі ў Варшаве.
Там прайшла лекцыя „Уладзімір Мулявін – геній, які апярэдзіў свой час”.

Яе вядучая – Галіна Пазняк – не толькі ўзгадала некаторыя біяграфічныя факты артыста, але і асобную ўвагу засяродзіла на фолк-рок-оперы “Песнь о доле”. Урыўкі з яе падчас падзеі былі прадэманстраваныя на экране.
“Уладзімір Мулявін – вельмі выбітны чалавек. І ён вельмі блізкі нам, беларусам”, – падкрэсліла Галіна Пазняк.
– У яго наша, беларуская, ментальнасць. Ён быў такі сціплы чалавек. Яго аднаго разу, пэўна ў Сімферопалі, успаміналі хлопцы, сустракалі на лімузіне. Хлопцам-песнярам – аўтобус, а яму – лімузін. Ён сказаў: не, я з хлопцамі паеду. І так лімузін паехаў сам па сабе, а “Песняры” з Мулявіным паехалі разам. Вось такі быў чалавек просты. У творчасці ён быў лідар, а ў жыцці быў простым і сціплым. Дзякуй яму, хай ён радуецца, што мы яго помнім і любім”!
Дарэчы, прыгадаць творцу завіталі вядомыя беларускія дзеячы, сярод якіх – музыкі Зміцер Бартосік, Антось Варшавыскі і палітык Зянон Пазняк.


Марына Савіцкая, Беларускае Радыё Рацыя
