У Варшаве ўзнагародзілі пераможцаў “Belarus in focus”



У польскай сталіцы ў рамках конкурсу „Belarus in focus” узнагародзілі журналістаў за лепшыя  артыкулы пра Беларусь у замежных СМІ. Сёлета сярод пераможцаў былі журналісты з Нямеччыны, Партугаліі, Іспаніі, Польшчы і Расеі. Адным з лаўрэатаў стаў і беларус Яўген Карпаў за артыкул пра вынікі правядзення Чэмпіянату свету па хакеі ў Менску, які ён апублікаваў у польскім выданні “New Eastern Europe”. Беларускі журналіст атрымаў спецыяльную ўзнагароду – стажыроўку ў брытанскай газеце “The Guardian”.

На думку ініцыятара правядзення конкурсу Юліі Слуцкай, працы, якія дасылаюцца на конкурс, з кожным годам становяцца ўсё больш прафесійнымі і шырокапланавымі:

–  Артыкулы першага конкурсу былі вельмі шаблонныя: апошняя дыктатура, брутальнасць. Нам вельмі хацелася, каб Беларусь разумелі глыбей, каб лепш разумелі, што тут адбываецца. Таму мы і пачалі праводзіць такі конкурс.

Таксама на сёлетняй цырымоніі ўручэння ўзнагарод асаблівым чынам адзначылі, што ўкраінскія падзеі прыцягнулі ўвагу еўрапейскіх СМІ да ўсёй Усходняй Еўропы, у тым ліку і да Беларусі.

[Not a valid template]

Адам Завальня, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтара