У Варшаве выступілі прадстаўнікі нацыянальных меншасцяў Беларусі
«Беларусь шматнацыянальная» – канцэрт з такой назвай адбыўся ў Варшаве. У польскай сталіцы выступілі прадстаўнікі нацыянальных меншасцяў Беларусі, у тым ліку палякі, украінцы, армяне, азербайджанцы, карэйцы ды іншыя. Імпрэза была арганізаваная Культурным Цэнтрам Беларусі ў Варшаве сумесна з «Таварыствам супрацы Польшча-Усход». Дырэктар Культурнага Цэнтра Міхаіл Рыбакоў зазначыў, што музычныя калектывы ўжо давалі канцэрты ў іншых краінах і засведчылі, што ў Беларусі мірна суіснуюць розныя культуры:
— Інтэрнацыянальны аўтобус. Ён праехаў ужо некалькі краінаў. Яны праязджаюць па іншых краінах і паказваюць, што можна сябраваць розным народам, і калі нават армянін з азербайджанцам недзе там на роўні дзяржаваў канфліктуюць ці нейкія непаразуменні паміж Украінай і Расеяй, дык гэты аўтобус — мірны, дзе побач сядзяць усе, незалежна ад нацыянальнасці. Яны разумеюць, што ўсе мы людзі адной планеты, усе мы — людзі свету і толькі праз наша сяброўства, праз нашу падтрымку адзін аднаго можна нешта рабіць.
На пытанне, чаму такі вялікі канцэрт быў арганізаваны ў той самы дзень, калі ў Гарадку традыцыйна распачаўся фэст вольнае музыкі «Басовішча», Міхаіл Рыбакоў адказаў, што гэта не было зроблена адмыслова:
— Тут ніякіх такіх параўнанняў быць не можа. Свету хопіць на ўсіх і незалежна ад таго ў гэты дзень недзе там яшчэ штосьці адбываецца. «Басовішча» — гэта таксама выдатнейшае свята, цікавае, але для кожнага свята ёсць свая аўдыторыя. Калі «Басовішча» бліжэй да моладзі, дык тыя фальклорныя святы, якія ладзяцца беларускім таварыствам, бліжэй для людзей больш сталага ўзросту.
Дырэктар культурнага цэнтра Беларусі ў Варшаве Міхаіл Рыбакоў таксама дадаў, што на гэтых выходных калектывы нацыянальных меншасцяў выступяць у розных мясцовасцях на Падляшшы, сярод іншага, у Дубінах ды Бліжніх Баціках.
[Not a valid template]
Адам Завальня, Беларускае Радыё Рацыя, Варшава
Фота аўтара