У Варшаве закідалі фарбай браму расейскай амбасады
Прынамсі 300 чалавек прынялі ўдзел у пратэсце каля расейскай амбасады ў Варшаве.
Мітынгоўцы выказвалі сваю салідарнасць з Украінай і абураліся агрэсіўнымі дзеяннямі Расеі ў Керчанскай пратоцы. Сярод удзельнікаў акцыі былі як палякі і ўкраінцы, гэтак і беларусы:
– Я вырашыў прыйсці, падтрымаць украінцаў, выказаць пратэст супраць такіх агрэсіўных дзеянняў расейскага флота.
– Мы баімся, што тыя 23 маракі папоўняць шэрагі і так ужо вялікай колькасці ўкраінскіх вязняў на тэрыторыі Расеі.
– Робіцца кепскае. Я баюся. Усе святовыя войны пачыналіся з нейкіх малых канфліктаў.
Пад канец маніфестацыі група палякаў запаліла фаеры, пачала выгукваць абразлівыя лозунгі ў адрас Уладзіміра Пуціна і закідваць браму расейскай амбасады фарбай. Паліцыя досыць хутка спыніла іх дзеянні. Арганізатарка маніфестацыі Наталка Панчанка з “Еўрамайдану-Варшава” асудзіла іх паводзіны:
– Як толькі мы абвесцілі аб афіцыйным закрыцці нашай акцыі, прыйшлі нейкія людзі і пачалі спачатку запальваць фаеры, а затым абкідваць амбасаду Расеі. Я іх асуджаю, хто б гэта не быў, таму што гэтыя праблемы трэба вырашаць цывілізаваным спосабам. Калі мы робім акцыю пратэста мірную, то яна павінна быць мірнай акцыяй.
Сама маніфестацыя пад амбсадай мела спакойны характар.
Адам Завальня, Беларускае Радыё Рацыя
Фота аўтара