У Варшаве закрываецца гуманітарны склад FreeShop 



Адзін з самых вялікіх гуманітарных складоў FreeShop вымушаны закрыцца па банальнай прычыне – няма грошай на аплату памяшкання, якое яны арэндуюць, за апошнія паўгода сумай 20 тысяч злотых. Пра гэтую праблему ды ўвогуле жыццё за мяжой з Госцяй Радыё Рацыя Аленай Маркевіч размаўляла наш карэспандэнт Аліна Андрыевіч.

РР: Як сталася, што вы апынуліся па-за межамі Беларусі?

Алена Маркевіч: Я прыехала ў Польшчу вучыцца ў 2016 годзе.

РР: Па праграме Каліноўскага?

Алена Маркевіч: Не, самастойна.

РР: І дзе вы навучаліся?

Алена Маркевіч: Лодзенскі сацыяльна-эканамічны ўніверсітэт.

РР: Пасля заканчэння ўніверсітэта вам удалося папрацаваць па спецыяльнасці і, дарэчы, па якой спецыяльнасці вы скончылі ўніверсітэт?

Алена Маркевіч: Я яго не скончыла. Але маю ўсе дакументы і магу працягваць.

РР: А адкуль вы самі?

Алена Маркевіч: З Гарадзенскай вобласці.

РР: Чым вы тут займаецеся?

Алена Маркевіч: З 2020 года займаюся валанцёрствам, на гэта ідзе ўвесь час майго жыцця. Маю працу, але гэта паўстаўкі, з чагосьці ж трэба жыць і зарабляць. Бо на гэтым, што мы робім, мы нічога не зарабляем.

РР: Вы валанцёрыце на гуманітарным складзе? Як удалося сабраць столькі рэчаў?

Алена Маркевіч: За розныя перыяды тут было па-рознаму. Калі здарыліся падзеі 2020 года, большасць людзей, якія тут валанцёрылі, ведалі, што будуць ехаць людзі, ратавацца. І ім патрэбна будзе дапамога ў розных абшарах жыцця. І гуманітарны склад – гэта была адна з такіх рэчаў, бо хтосьці прыязджаў з заплечнікам, у тапках і шортах летам. Прыехаў, няма ні грошай, ні дакументаў і ратуецца проста.

І пачалі збіраць рэчы, але пакуль па дамах у валанцёраў. Ва ўсіх ляжалі горы рэчаў па дамах. Бо знаёмыя палякі ім прывозілі, ведалі, што валанцёры займаюцца гэтым, што яны дапамагаюць беларусам. І гэтыя ўсе рэчы вырашылі пазбіраць у якімсьці адным месцы. Гэта быў наш першы адрас, дзяўчаты знайшлі ў знаёмых з камуны варшаўскай, у іх будынак школы ў самым цэнтры горада быў.  Вельмі добрая лакацыя была. Першым быў невялікі пакой недзе на 60 квадратаў. Туды і беларусы прывозілі, якія тут знаходзяцца. Пасля далучыліся праз месяц-паўтары дыяспары з розных краін: з Германіі, з Францыі, Італіі і адусюль. Шмат рэчаў удалося назбіраць.

Пазней уласнікі гэтага пакоя пачалі рабіць рамонт, яны ўжо не маглі нам на дармавой аснове даваць памяшканне. У гэтай сітуацыі нас тады яшчэ выратаваў горад. Яны нам давалі памяшканні бясплатна.

Але калі пачалася вайна, да дапамогі далучылася яшчэ большая колькасць людзей. Я не ведаю адкуль яны атрымлівалі мой нумар тэлефона, але я працавала па 24 гадзіны. І мне маглі патэлефанаваць нават уначы, напрыклад, з Дэтройта. І беларусы як ніхто адрэагавалі на дапамогу, бо яны ўжо мелі вопыт тут на месцы. Далучаліся, пыталіся, што трэба шукаць. Ты ім кажаш, яны шукаюць, гэта знаходзяць, і людзі цэлы час прыходзілі. У нас мінімум 250 чалавек у дзень там было.

РР: У гэтыя часы стала менш людзей хадзіць?

Алена Маркевіч: Трохі менш, так, згаджаюся. Але ў нас яшчэ вельмі цяжкая лакацыя, мы апошні год тут знаходзімся. Тут і даязджаць цяжка, але каардынуем людзей. Частка выехала за Варшаву, частка – у іншыя краіны, частка ўсё адно едуць сюды. Збіраем рэчы для людзей і ў іншых гарадах.

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:

Беларускае Радыё Рацыя