У верасні адкрыецца Падляшскі музей народнай культуры
На Падляшшы ўзнікне новая ўстанова культуры. Беластоцкі музей вёскі пераўтворыцца ў Падляшскі музей народнай культуры. Дагэтуль папулярны скансен пад Беластокам уваходзіў у склад Падляшскага музея. Cтварэнне асобнай установы дае большыя магчымасці для дафінансавання з розных крыніц, як кажа цяперашні дырэктар Беластоцкага музея вёскі Артур Гавэл.
– Гэта дае магчымасць шукаць дафінансаванні з іншых фондаў, з якіх дагэтуль мы не маглі карыстацца. Музей патрабуе пастаяннага клопату і асобы, якая б кіравала ім і прымала фінансавыя рашэнні.
Беластоцкі музей вёскі ўзнік у 1982 годзе. Цяпер у яго склад уваходзіць 28 гектараў, на якіх знаходзіцца 40 аб’ектаў. Ён з’яўляецца адным з васьмі аддзелаў Падляшскага музея.
Падляшскі музей народнай культуры пачне працу з 1 верасня.
Лукаш Леанюк, Беларускае Радыё Рацыя, Беласток
Фота maliturysci.pl