У Вільні адбудуцца традыцыйныя святкаванні на Дзень Волі
Вільня запрашае на святкаванне Дня Волі 25 Сакавіка. Яно распачнецца з урачыстага ўскладанне кветак падпісантам Акта Незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі на віленскіх могілках Росы. Пазней пройдзе дыскусія ў Сейме Літоўскай Рэспублікі, адносна сітуацыі, калі «геапалітыка бярэ гару над каштоўнасцямі дэмакратыі», – расказвае адзін з арганізатараў Кірыл Атаманчык:
– Гэта робіцца ўжо некалькі гадоў у даволі такой традыцыйнай святочнай форме. То бок, для нас гэта безумоўна свята, а па-другое, нагода ўзгадаць праблемы Беларусі ў свеце. Сённяшні год будзе даволі адмысловым – у канцы года плануюцца выбары.
Завершацца святкаванні вечаровым канцэртам Лявона Вольскага і Паўла Аракеляна. Сярод арганізатараў – Беларускі дом правоў чалавека імя Б.Звозскава, Моладзевая асацыяцыя «StudAlliance», Праваабарончая арганізацыя «Freedom House», прадстаўніцтва Фонду імя Конрада Адэнаўэра ды ЕГУ.
У сваю чаргу Таварыства Беларускай Культуры ў Вільні найперш адзначыць гадавіну смерці Кастуся Каліноўскага, якая прыпадае на 22-га сакавіка, – кажа сябра Рады таварыства Алесь Адамковіч:
– Плануецца шэсце ад дошкі Кастуся Каліноўскага да Лукішскага пляцу, дзе ён быў пакараны смерцю. І там таксама далучыцца Міністэрства абароны Літвы Літоўскай Рэспублікі, выставіць сваю ганаровую варту і ўскладзе кветкі. А 24-га мы плануем адзначыць у Віленскай ратушы ўрачыстым канцэртам.
Да арганізацыі гэтых мерапрыемстваў, акрамя ТБК, далучаюцца іншыя, у тым ліку Асацыяцыя «Крывія», Таварыства ссыльных і палітычных вязняў і «Беларуская Нацыянальная Памяць».
Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя