У Вільні адбылася акцыя ў падтрымку праваабаронцаў «Вясны»
У Вільні каля мурала ў гонар Алеся Бяляцкага і непадалёк ад беларускай амбасады прайшла акцыя ў падтрымку праваабаронцаў «Вясны», якім сёння прысудзілі вялікія тэрміны. Алесю Бяляцкаму – 10 год калоніі, Валянціну Стэфановічу – 9 год калоніі, а Уладзіміру Лабковічу – 7 гадоў калоніі.

Акцыя праходзіла 3 сакавіка менавіта ў той час, калі ў судзе Ленінскага раёна вялося апошняе судовае пасяджэнне над палітзняволенымі “вясноўцамі”.
Падтрымаць вядомых “вясноўцаў” прыйшлі іх калегі-праваабаронцы, родныя, сябры і прадстаўнікі МЗС Літвы.
Сярод прысутных была нават хрэсніца Алеся Бяляцкага Станіслава Сыс, якая ўзгадала яго як найлепшага чалавека:
– Ягоны ўнёсак проста несувымерны з нашай сітуацыяй. Калі б усе так стараліся як ён, каб усе зрабілі столькі ж, то мы перамаглі б гэты дыктатарскі рэжым вельмі хутка. Я лічу, што ён проста неверагодны чалавек. Насамрэч гэта гучыць проста смешна – 10 гадоў, 7 гадоў. Яны сапраўды ўпэўнены, што іхні рэжым будзе доўжыцца так доўга? Я лічу, што не. Нам засталося трошкі. Нам трэба зараз аб’яднацца, паверыць у сябе, і ўсё будзе добра, і Беларусь пераможа!
Кажа адна з арганізатарак акцыі Марына Кастылянчанка:
– Мы вырашылі, што варта заклікаць людзей выйсці ў гэты дзень, у дзень прысуду нашым калегам з «Вясны», на акцыю салідарнасці з імі ў розных гарадах, у розных краінах, каб выказаць ім сваю падтрымку. Гэта мела даволі вялікі водгук. Таму што розныя людзі ў розных краінах пачалі рабіць такія анонсы, і ўжо адбыліся акцыі ў Варшаве і ў Гданьску.
Акцыі ў падтрымку вядомых «вясноўцаў», якім улады Беларусі прысудзілі вялікія тэрміны, таксама пройдуць сёння ў Швецыі, Даніі, Грузіі.
Цалкам матэрыял слухайце ў далучаным файле:









Беларускае Радыё Рацыя
