У Вільні адбылося шэсце памяці Кастуся Каліноўскага
Шэсце ў памяць Кастуся Каліноўскага ды іншых паўстанцаў 1863-64 гадоў адбылося па вуліцах Вільні. У шэсці ўдзельнічала каля 150-ці чалавек. Яно завяршылася на Лукішскім пляцы, дзе прайшлі ўрачыстасці. Такім чынам беларусы, але таксама і літоўцы, адзначалі гадавіну смерці нацыянальнага героя Беларусі Кастуся Каліноўскага.
Кажа адзін з арганізатараў мерапрыемства, старшыня арганізацыі “Беларуская Нацыянальная Памяць” Анатоль Міхнавец:
– Зараз нашая калона падыходзіць да Лукішскага пляцу. Мы ідзем тым шляхам, якім ішоў Кастусь Каліноўскі 155 гадоў таму, калі быў пакараны смерцю на Лукішскім пляцы 22 сакавіка 1864 года. Дастаткова шмат людзей сабралася. Ёсць нашыя сябры літоўцы, украінцы, палякі. Наперадзе калоны ідуць прадстаўнікі тых народаў са сваімі нацыянальнымі сцягамі. Нясем два партрэты Каліноўскага і розныя сцягі.
Падчас шэсця зачытваліся прозвішчы паўстанцаў, гучала традыцыйная беларуская дуда, воклічы “Вечная слава!” і “Жыве Беларусь!”.
Таксама сёння ў Вільні пройдзе круглы стол, прысвечаны асобе Каліноўскага і паўстанню 1863-64 гадоў. У касцёле Святога Барталамея запланаваная імша памяці паўстанцаў.
Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя