У Вільні на Кафедральнай плошчы прайшоў штотыднёвы мітынг «За нашу і вашу свабоду»
Акцыя ў падтрымку Украіны ў кожны панядзелак збірае людзей, якім неабыякавы лёс украінскага і беларускага народаў. У мітынгу ўзялі ўдзел Міністр культуры Літвы Сіманас Кейрыс і Святлана Ціханоўская.
Дэмакратычная лідарка Беларусі падкрэсліла, што без вольнай Украіны не будзе вольнай Беларусі, але і без вольнай Беларусі не будзе свабоднай Украіны:
– Мы разумеем, што ад вынікаў гэтай вайны залежыць лёс беларусаў. Калі Украіна пераможа, гэта будзе яшчэ адзін штуршок каб паўстаць супраць дыктатара. Бо ў той момант Лукашэнка будзе ў вельмі кепскім становішчы.
Беларусы Літвы ў кожны панядзелак прыходзяць на Кафедральную плошчу з бел-чырвона-белымі сцягамі, каб выказаць салідарнасць з украінскім народам.
Беларускае Радыё Рацыя