У Вільні на Замкавай гары плануюць ушанаваць паўстанцаў-каліноўцаў



Віленскія ўлады пакуль не далі дазволу на правядзенне ўрачыстых мерапрыемстваў на Замкавай гары ў Вільні, дзе як мяркуецца, перазахаваны кіраўнік вызваленчага паўстання 1863 году Кастусь Каліноўскі. Пра гэта паведаміў беларускі грамадскі дзяяч Хведар Нюнька. Ён правёў вялікую працу па пошуку дакументальных падцверджанняў, але нічога не дамогся ад уладаў.

– У нас быў план ушанаваць памяць каліноўцаў на Замкавай гары. Там, пад самай вежай, па сведках таго часу, былі перазахаваныя парэшткі паўстанцаў-каліноўцаў, там мог быць пахаваны і сам Кастусь Каліноўскі. Таму з майго боку былі зроблены намаганні. Знайшлі мы матэрыял сведкаў таго часу. Я лічыў, што мы мелі шансы каб дамагчыся, каб недалёка ад гэтай вежы на Замкавай гары ўшанаваць Крыж.

«У міжваенны час тут была агароджа і стаяў крыж, маем гэтаму дакументальнае пацверджанне”, – кажа Хведар Нюнька.

Калі здавалася, што ўдаецца пераканаць віленскія ўлады, прыйшоў адказ, што сабраных дакументаў недастаткова і патрэбныя дадатковыя даследванні.

Ніякага памятнага знаку на Замкавай гары ў Вільні, дзе пахаваны Кастусь Каліноўскі, цяпер няма, хоць месца пахавання дакладна вядомае. На гэтым месцы ўдзельнікі ўшанавання беларускага героя традыцыйна запальваюць свечкі ды ўскладаюць кветкі.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота westki.info