У Вільні прайшла акцыя салідарнасці з Украінай
Акцыя салідарнасці з Украінай прайшла каля віленскай ратушы.

Украінцы прасілі ўратаваць жыхароў акупаванага Марыупалю, дапамагчы адчыніць гуманітарны калідор і забяспечыць абарону грамадзянскаму насельніцтву падчас эвакуацыі. Асаблівая тэма — гэта дзеці:
– Наша кватэра, наш дом згарэлі ў Ірпіні. Таму мы былі вымушаныя з’ехаць за мяжу, каб уратаваць сваё дзіцё. Таму я сёння тут, я разумею як гэта, я разумею кожную маці, кожнае дзіцё, якія знаходзяцца зараз у Марыупалі, якія на жаль не могуць адтуль выбрацца і вымушаныя хавацца па падвалах, а таксама на заводзе „Азоў”.
Падтрымаць украінцаў прыйшлі літоўцы і беларусы. Некаторыя ў іх накінулі на плечы бел-чырвона-белыя сцягі:
– Я беларус і супраць прыступных дзеянняў рэжымаў Лукашэнкі ды Пуціна. Беларусь салідарная. Я прыйшоў з беларускім сцягам, бо хочацца паказаць сваю салідарнасць, што беларусы з украінцамі, што не трэба ўсіх беларусаў прыплятаць да злачыннага рэжыму Лукашэнкі.
Удзельнікі акцыі салідарнасці пакінулі на прыступках віленскай ратушы дзясяткі запаленых лампадак, а таксама дзіцячыя цацкі. Некаторыя з цацак былі штучна пакрываўленыя.






Беларускае Радыё Рацыя
