У Вільні прайшла акцыя ў падтрымку палітзняволенай Паліны Шарэнды-Панасюк
Акцыя ў падтрымку палітзняволенай берасцейкі Паліны Шарэнды-Панасюк ды іншых палітвязняў адбылася ў Вільні. На ёй было некалькі дзясяткаў партрэтаў палітзняволенай.
Нядзельныя мітынгі супраць акупацыі Беларусі і салідарнасці з Украінай і ў падтрымку палітвязняў па традыцыі праходзяць на плошчы Кудзіркі ў цэнтры Вільні.
Як кажа муж Паліны Андрэй Шарэнда, яго жонку некалькі тыдняў этапавалі ў псіхіятрычны цэнтр „Навінкі”:
– У Паліны лічы тры тыдні таму пачаўся этап з рэчыцкай калоніі, дзе яна адбывала пакаранне, гэты этап павінен быў быць у „Навінкі”. Практычна тры тыдні было невядома, дзе яна. Мы спрабавалі шукаць па іншых СІЗА. Зразумела ўжо пачалі хвалявацца, і стала вядома, што Паліна ў „Навінках” на судова-псіхалагічнай экспертызе.
Паводле яго словаў, ціск на Паліну працягваецца, яе катуюць і фактычна забіваюць, таму яе стан здароўя значна пагоршыўся:
– З этапу прыйшлі весткі, стала вядома, што ў Паліны моцна пагоршыўся стан здароўя. Гэта было заўважна, што Паліна кепска выглядае, што этап вельмі моцна сказаўся на ёй, здароўе ў яе сапраўды падарванае. На дадзены момант нам невядома пра стан здароўя Паліны. Мы будзем рабіць усё магчымае, каб урэшце даведацца ў якім яна стане.
Нагадаем, Паліна Шарэнда-Панасюк ужо 2,5 гады за кратамі, але яна не здаецца і працягвае змаганне. Берасцейка павінна была выйсці на свабоду сёлета ў жніўні, але на яе завялі чарговую крымінальную справу.
Беларускае Радыё Рацыя