У Вільні прайшоў чатырохдзённы фестываль традыцыйнай музыкі і танца
Падчас 49-га штогадовага фальклорнага фестывалю пад назвай “Гучы, гучы гучна” адбыліся шматлікія канцэрты на прасторах старога горада Вільні, ладзіўся кірмаш рамёстваў, можна было завітаць на Ноч танцаў або патанчыць у фестывальных карагодах на іншых пляцоўкаў, у тым ліку ў Бернардзінскім садзе, дзе разгортваліся асноўныя імпрэзы свята.
Прысутныя атрымлівалі асалоду ад нацыянальнай літоўскай культуры і культуры запрошаных гасцей, у тым ліку беларусаў, грузінаў, латышоў, украінцаў.
Таксама традыцыйная народная музыка гучала на такіх пляцоўках, як дворык Віленскай акадэміі мастацтваў, каля помніка каралю Міндоўгу, у Музеі энергетыкі і тэхнікі, у касцёле Святой Кацярыны ды ў іншых лакацыях.
Рамеснікі праводзілі майстар-класы для дзяцей і дарослых па саломцы, гліне, вырабе сурвэтак, запляталі косы ўсім ахвотным пад прыгожыя літоўскія народныя спевы, раскладвалі руны, праводзілі настольныя гульні ды іншае. Кожны змог знайсці ў чатырохдзённай праграме фэсту занятак для душы, а таксама набыць цудоўных і эксклюзіўных сувеніраў ад рамеснікаў і, канешне, паласавацца стравамі літоўскай ды іншай кухні.
Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя