У Вільні прайшоў кірмаш RADA Market
У Вільні ў суботу прайшоў кірмаш RADA Market. Ён быў прымеркаваны да Міжнароднага дня моладзі, які адзначаецца 12 жніўня. У ім удзельнічалі моладзевыя беларускія арганізацыі і ініцыятывы, рамеснікі. Кожны жадаючы мог пазнаёміцца з дзейнасцю гэтых арганізацый і ініцыятыў у выгнанні, паўдзельнічаць у актыўнасцях і інтэрактывах.
Як кажа Ганна Дапшэвічутэ, генеральная сакратарка “РАДА”, гэтую імпрэзу прыдумаў Беларускі нацыянальны савет „РАДА”:
– Наша ідэя была ў тым, каб мы ўсе адзін з адным перазнаёміліся, наладзілі нейкія сувязі і паказалі, што ў іншых гарадах акрамя Менску ёсць яшчэ жыццё, такая была пачатковая задума. Пасля 2020 года мы ўзялі паўзу ў тым, каб праводзіць такія івэнты, па вымушаных прычынах. Цяпер вырашылі, што ўжо час зноў вяртацца да гэтага.
Прысутныя на кірмашы маглі таксама дазнацца пра беларускіх рамеснікаў, набыць іх прадукцыю і паўдзельнічаць у майстар-класах па маляванні паштовак, вырабе лялек ды іншага.
Кажа рамесніца-лялечніца з Варшавы Вольга Пашковіч:
– Я прывезла этнічныя лялькі, славянскія, ёсць беларускія лялькі і ўкраінскія. У мяне тут каля дзесяці найменняў. Увогуле я знайшла матэрыял па 88 ляльках, але яшчэ не зрабіла ўсе.
Падчас кірмашу ладзіўся аўкцыён у падтрымку палітвязняў, на якім выстаўляліся лоты дарагіх сэрцу прадуктаў і рэчаў для беларусаў, якіх не стае ім у эміграцыі. Скончылася імпрэза стэндапам і музыкай ад Stereobeaver і KZV.
Цалкам матэрыял слухайце ў далучаным файле:
Беларускае Радыё Рацыя