У Вільні ўшанавалі памяць заснавальніка беларускай педагагічнай навукі
Напярэдадні ночы растраляных паэтаў у Вільні ўшанавалі памяць Іосіфа Каранеўскага – заснавальніка беларускай педагагічнай навукі і рэктара БДУ. Выступоўца Таццяна ўзгадала ягоны лёс і патлумачыла, чаму сярод спісу растраляных у ноч з 29 на 30 кастрычніка вырашана было звярнуць увагу менавіта на педагога:
„Варта ўзгадаць мінулагоднія выбары, калі нажаль, настаўнікі былі адной з рухаючых сілаў фальсіфікацыі. І здавалася б: адукаваныя асобы, якія павінны разумець прычыны і наступствы, займаюцца рэчамі, якія проста немагчыма патлумачыць. Мяркую, што карані гэтай праблемы ляжаць у тым ліку ў рэпрэсіях, якія мы мелі ў савецкі час.”
Сярод удзельнікаў акцыі ўшанавання памяці – музыка Уладзіслаў Наважылаў (Леслі Найф) і Андрэй Шарэнда, якія пакінулі Беларусь з-за сучасных рэпрэсій:
„Рэжым Лукашэнкі можна назваць сапраўдным спадкаемцай сталінскага рэжыму. Тое, што зараз адбываецца, гэта, як кажуць: гісторыя паўтараецца”.
Акцыя ўшанавання памяці прайшла ля Віленскага дома настаўнікаў, дзе вучыўся Іосіф Каранеўскі. Затым прадстаўнікі беларускай дыяспары ўсклалі кветкі на шыльдзе імя Браніслава Тарашкевіча — таксама растралянага беларускага дзеяча.
Беларускае Радыё Рацыя