У Вітаве прыбралі помнік памяці расстраляных сялян
Дэкамунізацыя ў Дубічах Царкоўных, што на Гайнаўшчыне, амаль завершана.
Дэмантаж помніка ўдзячнасці савецкай арміі ў Дубічах Царкоўных.
У вёсцы Вітава быў дэмантаваны помнік у памяць пра загінулых мясцовых сялян. Летась невядомыя знішчылі на помніку шыльду, на якой былі пералічаны прозвішчы сялян расстраляных на гэтым месцы 14-га красавіка 1945 года. Загад на расстрэл выдаў адзін з камандзіраў польскага ўзброенага падполля маёр Зыгмунт Шэндзеляж „Лупашка”.
Помнік быў усталяваны ў часы Польскай Народнай Рэспублікі і аздоблены выявай Польскай рабочай партыі, таму падпадаў пад дзеянне закона аб дэкамунізацыі.
Гаворыць войт гміны Лявон Малашэўскі:
– Помнік у Вітаве стаяў на прыватным участку. У паразуменні з яго ўласнікам помнік быў дэмантаваны і вывезены з тэрыторыі Дубічаў Царкоўных.
У гміне яшчэ застаецца абеліск у Старыне, які ваявода рэкамендаваў ліквідаваць, кажа войт:
– Абеліск прысвечаны лейтэнанту Маскаленку, які загінуў падчас вызвалення Старыны. У сувязі з тым, што ён стаіць на могілках, то не падлягае ліквідацыі, бо не падпадае пад закон. Паглядзім, якім будзе рашэнне ваяводы, калі абавяжуць ліквідаваць, то мы выканаем рашэнне.
Жыхары Вітава хочуць усталяваць на месцы дэмантаванага помніка праваслаўны крыж з шыльдай, дзе будуць змешчаны прозвішчы загінулых у Вітаве сялян. Канчатковае рашэнне адносна абеліска ў гонар савецкага жаўнера прыме падляшскі ваявода.
Валянціна Лаеўская, Беларускае Радыё Рацыя