У Вроцлаве беларусы выказалі пратэст супраць разбурэння ў Беларусі могілак Арміі Краёвай



4 верасня ў Вроцлаве прайшла акцыя беларускай дыяспары. Галоўнай тэмай з’яўлялася разбурэнне ўладамі Беларусі польскіх могілак Арміі Краёвай.

Пра сітуацыю вакол знішчэння польскіх могілак у Беларусі распавёў арганізатар акцыі Ян:

– Аднаўляліся гэтыя могілкі ў асноўным сіламі Саюза палякаў на Беларусі, які патэнцыйна быў непажаданым у Беларусі як незалежная арганізацыя. Гэта можа быць частка агульных рэпрэсій. Але можа быць і знакам у бок Масквы, што мы таксама супраць гэтых злых палякаў, якія панаставілі тут сваіх могілак, крыжоў. І можа ў рамках ідэалагічнай супрацы з маскоўскім партнёрам гэта робіцца.

Польская меншасць у Беларусі традыцыйны вораг для лукашэнкаўцаў. Кіраўнікі Саюза палякаў на Беларусі – Анжаліка Борыс і Анджэй Пачобут знаходзяцца ў Беларусі ў зняволенні ўжо цягам 17 месяцаў.

Канстанцін Ахроменка, Беларускае Радыё Рацыя