У вёсцы Мора (гміна Чыжы) ліквідуюць пункт прыёму малака



15 лістапада ў вясковай святліцы ў Курашаве адбудзецца сустрэча пастаўшчыкоў малака з гміны Чыжы. Падчас гэтай сустрэчы будзе разглядацца пытанне: быць ці не пункту прыёму малака ў вёсцы Мора (у гміне Чыжы).

Пра планы закрыцця пункту да канца году паведаміў пастаўшчыкоў малака з Мора Мікалай Чурак з Акруговага малочнага кааператыву ў Гайнаўцы. Кааператыў у Гайнаўцы палічыў пункт у Моры не перспектыўным. Гаспадары ў Моры хочуць, каб пункт прыёму малака застаўся, гатовы нават даплачваць да яго.

– І кажуць, зачыняем пункт прыёму. – Столькі гадоў было ўсё ок, а тут раптам такі падарунак святочны. – Прыязджалі праз дзень, забіралі ў аднаго, забіралі ў другога. Усё роўна ім ці сюды ехаць, ці некалькі метраў далей. – Такія людзі, як мой непаўнаспраўны брат, то ён не павязе на ровары малако да іншага пункту прыёму. – Улада прыдумала ліквідаваць малочны пункт прыёму – і ўсё.

Гаспадары з Мора адзначаюць, што ніхто з Гайнаўскага Малочнага Кааператыву з імі не кансультаваў рашэння, хаця яны як пастаўшчыкі з’яўляюцца таксама членамі кааператыва. Адзначаюць таксама, што рашэнне аб закрыцці пункта ў Моры непасрэдна звязана з тым, што абанкруцілася малочнае прадпрыемства ў Бельску Падляшскім і буйныя пастаўшчыкі з Бельшчыны цяпер давозяць малако ў Гайнаўку, таму невялікія мясцовыя пастаўшчыкі перасталі быць патрэбнымі.

Валя Лаеўская, Беларускае Радыё Рацыя