У вёсцы Зубава адбылося адкрыццё новай святліцы
Памяшкання для правядзення вясковых мерапрыемстваў чакалі ўжо даўно, бо стары школьны будынак, у якім збіраліся раней, знаходзіўся ў аварыйным стане.
Новы будынак святліцы пабудаваны цалкам з падаткаў жыхароў гміны і дзякуючы іх падтрымцы, кажа войт гміны Бельск Падляшскі Раіса Раецкая:
– Хачу пахваліць усіх: і солтыса Яна Зенюка, і жыхароў, якіх аб’яднаў вакол сябе. Сюды прыходзіла вельмі шмат людзей. Яны садзілі, палівалі туі, каб тыя прыжыліся і раслі. Дзякую і лясніцтву «Бельск», што яны падаравалі нам тыя туі. Яшчэ тут шмат папрацаваў Аляксандр Анішчук, быў адзін з галоўных разам з солтысам. Усё было выдатна.
Зубаўчан прывітаў радны сойміка Падляшскага ваяводства Ігар Лукашук:
– Будынак – гэта толькі сцены, ён добры такі. Але не забывайцеся, што будынак – гэта тое месца, дзе збірацца людзі. І мы маем надзею, што гэты будынак будзе ўвесь час поўны намі і прыезджымі людзьмі. І спадзяюся, што ў гэтым будынку наша мова будзе гучаць, і каб цяперашняя моладзь не забывала яе.
Павіншаваць жыхароў Зубава з адкрыццём новага будынку святліцы прыехалі беларускія калектывы з Падляшша і з Беларусі.
Ганна Комінч, Беларускае Радыё Рацыя