У Янкі Нэсцярука на ўрадзінах!
“Больш буслоў, чым людзей”, – гавораць жыхары вёскі Сакі. Па праўдзе, такой колькасці бусліных гнёздаў у адной вёсцы, не знойдзецца нідзе. Жыхары Сакоў падрыхтавалі толькі колы, каб неяк прывабіць любімых птушак – атрымалася! На кожным электрычным слупе ўжо водзяцца малыя бусляняты. Бабулькі, седзячы на драўлянай лавачцы, паказваюць колькі засталося пустых хат. Калі добра паразмаўляць, то радыя аддаць і хату, і цэлы агарод узамен за «дахаване» да смерці: мне ўжо многа не засталося, бо хутка мне дзевяноста, – кажа адна з адна з іх. – Хто б хацеў старога чалавека – смяецца сусед, які цэлы час прыглядаўся на святліцу, пад якой зараз мела пачацца вясковае свята.
– Бабулю з дзвюма хатамі!? Бяру – адказваю і таксама накіроўваюся ў бок святліцы, дзе ўжо абяцалі дармовае піва. Быў не толькі той напітак, але і шмат падляшскіх спецыялаў, якія могуць ацаніць толькі знаўцы сапраўднай бяседы. А да гэтага мяса, каўбасы, пірагі, суп, бігас… адным словам – усё. Такога застолля напэўна і не бачыў Міцкевіч, які апісваў у славутай эпапеі Пан Тадэвуш, бо ў Сапліцаве не было свінні, а ў Саках была! І хаця мясцовая солтыс, спадарыня Барбара Гонсёр, хвалявалася, што ніхто таго не з’есць, то гледзячы на колькасць людзей, якія прыйшлі павіншаваць Янку з днём народзінаў, магчыма пачала хвалявацца ці ўсяго хопіць.
Не толькі тое ўражвала, але і выступы мясцовых калектываў. Што цікавае, зараз дырыжоркай Цаглінак стала Марыя Пашто з украінскага Палесся. Настаўніца музыкі па адукацыі пакінула Рівнэ і асела ў Ласінцы. Пані Марыя таксама дырыжор цароўнага хору, а з Цаглінкамі спявае ўсялякія песні, бо як гаворыць “культура па-за ўсялякімі падзеламі”.
Таксама ў Бельскм доме культуры паўстаў новы калектыў, а стварыла яго мінчанка Наталля Сазановіч. Поўная добрай энэргіі, абдораная выдатным голасам, а яшчэ да таго сама пашыла строі для сябровак з калектыва.
– Увогуле народныя песні былі ўсе такія: цяжкае вясковае жыццё, пакуль бульбу пасееш, пакуль жыта пасееш, а потым гэта ўсё пяялі, вырывай… чалавек працаваў заўсёды вельмі цяжка, таму пра свой лёс спяваў цяжка. Мала чаго вясёлага было. Я прыехала з Мінска, там трыццаць гадоў працавала ва Універсітэце інфарматыкі і радыёэлектронікі, мы вельмі часта прыязджалі, з 2011 года, нават два разы ў год. Супрацоўнічалі з калектывамі, па вёсках хадзілі, калядавалі, куста вадзілі. Тут такое асяроддзе сваё. Зараз працую ў Бельскім доме культуры, накіравалі мяне з Ужэнду працы – падкрэсліла спадарыня Наталля.
А ў Саках прайшло свята вёскі, бо Янка Нестэрук проста захацеў у такі спосаб адсвяткаваць свой дзень народзінаў. Сам многа падарожнічае па свеце, ездзіць у паломніцтва, але таксама ахвотна вяртаецца на радзіму, да хаты. Янка падкрэслівае, што варта памятаць аб сябрах – менавіта ім Янка спраўляў імпрэзу. – Я маю калегаў з дзяцінства. Раней, у маладосці, таксама спраўлялі такія патанцоўкі. Як? Нармальна, з адной вёскі запрасілі гарманіста, з другой скрыпка і проста так на вуліцы сустракаліся і танцавалі. Гэта таксама паказчык вам маладым, што калі нешта хочацца, то атрымаецца – і сябры дапамогуць, без розніцы ў якім ты ўзросце.
Многая лета Пане Янка!
Уршуля Шубзда, Беларускае Радыё Рацыя