У Залешанах адслужаць паніхіду
24 лютага ў 14 гадзін ля пакутнага крыжа ў Залешанах – вёсцы, якую спаліў аддзел Рамуальда Райса «Бурага» і дзе па яго загадзе загінула 16 чалавек, – айцец Мікалай Келбашэўскі адслужыць паніхіду ў памяць бязвінна загінулых.
– Будзе малітва, паніхіда на месцы тых забітых. Памолімся, каб такія моманты, якія былі ў Залешанах і іншых мясцовасцях, не мелі месца. «Бурага» ўзносяць, а ён забіваў людзей. Залешанаў мела не быць, але яны ёсць і цяпер: тут манастыр, людзі прыязджаюць з-за мяжы.
«Я супраць ушанавання Рамуальда Райса «Бурага» падчас Маршу выклятых жаўнераў у Гайнаўцы. Рамуальд Райс адказны за трагедыю маей вёскі і маей сям’і», – кажа Марыюш Нічыпарук, які 24 лютага запрашае ў Залешаны ўсіх, хто хоча даць адпор тым, хто, як ён кажа, супраць фактаў, а стварае міфы пра тое, што 72 гады здарылася ў Залешанах.
– А 9-й гадзіне я ўжо там буду. У планах – запаліць знічы ў цэнтры вёскі, пры крыжах, пры помніку, пасля выезд на могілкі з людзьмі, якія будуць з намі з раніцы. Пасля вернемся ў святліцу і абмяркуем, як будзем рэагаваць на тое, што ад імя ІПН выкладаюцца фільмы, якія даступныя ў інтэрнэце і ў якіх гаворыцца абсалютная няпраўда, абвінавачваюцца тыя, хто жыве ці ўжо не жыве – ахвяраў тых падзей.
З 9-й гадзіны раніцы Марыюш Нічыпарук, а таксама сведка падзеяў 29 студзеня 1946 года Мікалай Сахарчук будуць у святліцы ў Залешанах расказваць пра трагедыю з пункту гледжання ахвяраў.
У 14 гадзінаў у Залешанах пройдзе паніхіда па бязвінна загінулых тут 29 студзеня 1946 года 16 чалавек, у тым ліку дзяцей і жанчын.
Валянціна Лаеўская, Беларускае Радыё Рацыя