У Залешанах упершыню маліліся да Святых пакутнікаў Падляшскай зямлі
Ля крыжа ў Залешанах упершыню маліліся да Святых пакутнікаў Падляшскай зямлі. Сярод вянкоў ля памятнага Крыжа ў цэнтры вёскі з надпісам «Няхай зямля вам будзе пухам» з бел-чырвона-белымі кветкамі – вянок ад Беларускага гістарычнага таварыства і “Нашай памяці” – гаворыць Алег Латышонак:
– Памяць пра гэта засталася. І гэта неад’емная частка нашай памяці, як беларусаў. Бачу, як штогод яна усё ж такі больш ушаноўваецца ў такіх сталых формах – узнік манастыр і царква.
Ураджэнец Залешанаў Сяргей Нічыпарук:
-Хто ж спадзяваўся, што ўсе ахвяры “Бурага” стануць святымі. І якія будуць маліцца за нас. Мне вельмі цяжка, бо палова з іх – гэта мая сям’я.
Заснавальніца манастыра ў Залешанах ігумення Кацярына:
– 75 гадоў мінае з часу, калі былі спаленыя Залешаны. Аднак дабро перамагло. Акрамя гэтай трагедыі, гэта пазітыўны пасыл да людзей.
У мінулым годзе Сабор Епіскапаў Польскай Праваслаўнай Царквы ўключыў загінулых ад рук салдатаў польскага ўзброенага падполля пад камандаваннем капітана Рамуальда Райса, псеўданім „Буры” ў лік Святых пакутнікаў Падляшскай зямлі. Нагадаем, што з 29 студзеня па 2 лютага 1946 году салдаты „Бурага” спалілі 5 беларускіх вёсак на Беласточчыне, загінула тады 79 цывільных жыхароў.
Валя Лаеўская, Беларускае Радыё Рацыя