72-я гадавіна трагедыі ў Залешанах



Як і штогод, 29 студзеня, у гадавіну трагедыі ў Залешанах, прайшла адмысловая малітва ля пакутнага крыжа.

29 студзеня 1946 года аддзел польскага ўзброенага падполля пад камандаваннем Рамуальда Райса (псеўданім Буры) спаліў вёску Залешаны, у пажары і ад стрэлаў загінула тады 16 чалавек, у тым ліку дзеці і жанчыны.

Інстытут нацыянальнай памяці ў 2005 годзе кваліфікаваў дзеянні Бурага ў Залешанах злачынствам з прыкметамі генацыду.

28 студзеня, у Залешанскім манастыры прайшла паніхіда па трагічна загінулых 72 гады таму жыхарах вёскі. Вяскоўцы загінулі ад рук польскага ўзброенага падполля пад камандаваннем Рамуальда Райса. У царкве знаходзіцца Залешанская Ікона Божай Маці, якая нагадвае пра трагедыю вёскі і бязвінныя ахвяры. Манастыр у Залешанах заснавала ўнучка Мікіты Нічыпарука, які ў гэты дзень, 29 студзеня 1946 года, страціў амаль усю сям’ю.

Гаворыць сястра Елізавета:

– Згарэла жонка майго дзеда, яна мела 36 гадоў, тут яна пахаваная на могілках у нас, у Залешанах. Яна была цяжарная на 8-ым месяцы. І трое ягоных сыноў – 8-мі, 6-ці і 4-х гадоў. Дзед сам іх выносіў з таго дома, паабпальваў рукі. А таксама яго брат з жонкай і дачкой. Дзед пайшоў на сход, паведамілі, нібыта арганізоўваюць у вёсцы сход, і пабачыў, што гарыць ягоны дом, кінуўся ратаваць.

У гэтым годзе вянкі каля крыжа ўсклалі бургамістр Кляшчэляў, стараста Гайнаўскага павета ды чальцы партыі „Разам”:

– Для нас, хто тут жыве, „Буры” не з’яўляецца героем. Тут былі забітыя нявінныя мірныя жыхары – праваслаўныя беларусы.

– Некаторыя жаўнеры незалежніцкага падполля вырашылі, што гэтая вёска павінна знікнуць з мапы Польшчы.

– Я з Беластока, не праваслаўная. Я думаю, што нас аб’ядноўвае адно сумленне.

– Такая трагедыя, як не памятаць.

– Памятаюць, збіраюцца людзі.

[Not a valid template]

Валянціна Лаеўская, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтара