У Занях і Шпаках ушанавалі памяць бязвінна закатаваных



У Занях і Шпаках на Падляшшы ўшанавалі памяць бязвінна закатаваных, расстраляных і спаленых цывільных жыхароў. 2 лютага 1946 году з рук жаўнераў польскага антыкамуністычнага падполля пад камандаваннем капітана Рамуальда Райса (псеўданім Буры). У гэтых вёсках загінула звыш 30 чалавек, у тым ліку жанчыны і малыя дзеці.

„Святыя мучаннікі зямлі холмскай і падляшскай маліце Бога за нас,” –  так адпяваў сёння ў Занях і ў Шпаках настаяцель прыхода ў Маляшах айцец Марк Якімюк.

– Царква далучыла і гэтых, хто быў тут забіты, да ліку святых, святых холмскіх і падляшскіх. А мы можам гаварыць і пра святых зямлі Бранскай і Малішоўскай.

– Ян Багушэўскі, падпаручнік, маю маці застрэліў на маіх вачах. Іншыя, хто паліў вёску і забіваў яе жыхароў, паходзілі з суседніх вёсак.

– Гэта ўжо другі год такі, што ўспамінаюць. Бо раней такога не было. Шкада, што няма адпаведнай памятнай шыльды. Мы з солтысам хацелі аднавіць. Не хоча войт.

Ужо другі год запар як ахвяры гэтак званага „крывавага рэйду Бурага” праваслаўнай царквой у Польшчы ўведзеныя ў спісы мучаннікаў, і таму, як адзначыў айцец Марк, цяпер молімся да іх. Айцец Марк адзначыў, што малітвы ля помнікаў стануць штогадовымі. Ва ўрачыстасцях па ўшанаванні памяці загінулых у Занях і Шпаках прыняло ўдзел каля 30 чалавек.

Валя Лаеўская, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтаркі