У Занях і Шпаках ушанавалі памяць бязвінна закатаваных беларусаў



Малітвамі да Падляшскіх Мучанікаў ушанавалі памяць жыхароў вёсак Зане і Шпакі, трагічна загінулых 2 лютага 1946 году ад рук салдатаў Польскага ўзброенага падполля пад камандаваннем Рамуальда Райса, мянушка «Буры».

Адмысловыя малітвы ля помніка-магілы ў Занях ды ля помніка ў Шпаках адслужылі святары: айцец Марк і айцец Андрэй Якімюкі:

– Кожны свядомы праваслаўны хрысціянін, тым больш беларус, я думаю, павінен лічыць сваім абавязкам у такія дні засведчыць сваю веру і сваю ўдзячнасць Богу, што даў нам вырастаць на падмурку веры тых, каго мы сёння праслаўляем, да каго сёння звяртаемся з малітвамі.

76 гадоў таму салдаты „Бурага” спалілі вёскі Зане, Шпакі і Канцавізну. У Занях загінула 24 чалавекі, у Шпаках – 7 чалавек. Многія былі параненыя.

У 2020 годзе Сабор епіскапаў Польскай праваслаўнай царквы ўключыў загінулых у лік Святых Мучанікаў Падляшскай Зямлі.

Валя Лаеўская, Беларускае Радыё Рацыя