Удзельнікі абмену моладзі падсумавалі вынікі семінару



Наведалі Сінагогу ў Тыкоціне, мячэць у Крушынянах і беларускі ліцэй ў Бельску-Падляшскім. Група моладзі з Літвы і Беларусі пазнаёмілася з сітуацыяй нацыянальных меншасцяў на Падляшшы. Абмен моладзі пад лозунгам “Нацыянальныя і рэлігійныя меншасці на польска-беларуска-літоўскім памежжы – сучаснасць і перспектывы” арганізаваў Беларускі дом у Варшаве.

Апрача экскурсіяў, моладзь удзельнічала таксама ў лекцыях, майстар-класах ды нацыянальных вечарынах.

– Я даведаўся больш пра нацыянальныя меншасці. Гэты семінар мне дапамог зразумець, як жывуць беларусы тут, на Падляшшы. І гэта адбылося дзякуючы нашым выездам.

– Гэты праект даў мне не толькі магчымасць пазнаёміцца з людзьмі з розных краінаў, але даведацца пра іх гісторыю, палітыку, асаблівасці жыцця, быту.

– Адзінае, што мы можам зараз рабіць, – гэта вучыцца і даваць інфармацыю пра тое, як ідуць справы ў нашых суседзяў. Рычагоў рабіць канкрэтныя змены ў нас няма. Гэтыя рычагі ў Беларусі ёсць толькі ў аднаго  канкрэтнага і ўсім вядомага чалавека.

На канец семінара ў Беластоку маладыя людзі падрыхтавалі відэаролікі пра Падляшша.

Абмен моладзі падрыхтаваны быў у межах праграмы Еўрапейскага звяза „Erasmus+”.

Лукаш Леанюк, Беларускае Радыё Рацыя, Беласток

Фота аўтара