Удзельнікі школы “Еўрапейскі выбар Беларусі” наведалі Падляшша



Чарговая сесія школы “Еўрапейскі выбар Беларусі” праходзіць на Падляшшы.

У Польшчу прыехалі самыя актыўныя, тыя, хто ўжо праявіў сябе ў час беларускіх сесій школы, кажа сябар рады Руху “За свабоду” і суарганізатар школы “Еўрапейскі выбар Беларусі” Мікіта Семяненка:

– Фармат школы такі ў гэтым годзе, што тры этапы адбываюцца ў Беларусі, і наступны этап адбываецца за мяжой. То бок, тыя людзі, якія паспяхова пройдуць, яны павінны мець магчымасць паўдзельнічаць у сесіі, якая адбываецца ў краіне ЕЗ, каб пазнаёміцца з важнай для нас тэмай – тэмай еўрапейскай інтэграцыі, якая для Руху “За Свабоду” з’яўляецца прыярытэтнай.

Удзельнікамі школы “Еўрапейскі выбар Беларусі” ёсць студэнты і маладыя спецыялісты з розных куткоў Беларусі, кажа дырэктар Беларускага дома ў Варшаве Алесь Зарэмбюк:

– Стараемся працаваць з маладымі беларусамі, таму што для Беларускага дома і для мяне асабіста, гэта адзіная надзея ў новым пакаленні, якое сучаснае, якое размаўляе на замежных мовах, якое лётае і вандруе па Еўропе, як іх аднагодкі з суседніх краінаў. І якое стараецца, нягледзячы на тое, што ў краіне дыктатура, быць свабоднымі, адкрытымі, талерантнымі, сучаснымі маладымі беларусамі. Прыклад гэтай групы чарговы раз гэта падцвярджае.

У панядзелак 5 жніўня ўдзельнікі школы “Еўрапейскі выбар Беларусі” наведалі Бельск, дзе сустрэліся з бурмістрам Яраславам Бароўскім, намеснікам старшыні гарадской рады Томашам Сулімам  і старшынём аб’яднання “Музей малой бацькаўшчыны ў Студзіводах” Дарафеем Фіёнікам. У Беластоку ў час візіту ўдзельнікаў у рэдакцыю „Беларускага Радыё Рацыя” з імі сустрэўся праграмны дырэктар “Рацыі” Юрка Ляшчынскі.

Ганна Комінч, Беларускае Радыё Рацыя, Беласток

Фота Васіля Кроквы