Украіна адкрывае архівы КГБ
Украіна адкрывае архівы, звязаныя з дзейнасцю савецкіх спецслужб да 1991 г. Будуць абнародаваныя і імёны інфарматараў КГБ. У Расеі гэта выклікала абурэнне. Паведамляе наш карэспандэнт Марцін Война:
– Закон “Пра доступ да архіваў рэпрэсіўных органаў камуністычнага рэжыма 1917-1991 гадоў”, сёлета прыняты Вярхоўнай Радай, прадугледжвае і раскрыццё ўсіх інфарматараў КГБ, якія дзейнічалі напрыканцы існавання СССР.
Закон гэты тычыцца не толькі гісторыкаў, але найперш шэраговых грамадзянаў. Цяпер кожны ўкраінец мае права зрабіць запыт у архіў, каб дазнацца, ці не быў ён сам або яго родныя ў распрацоўцы КГБ, а як быў, то запытацца адпаведнае дасье.
У Маскве гэты ўкраінскі закон выклікаў шчырае абурэнне. Такім чынам могуць стаць вядомыя прозвішчы таемных інфарматараў КГБ, якія ў свой час пераехалі з Украіны ў Расейскую Федэрацыю і цяпер займаюць там высокія пасады.
Такі закон можа выклікаць і хвалю “навуковага турызму” з Расеі. Ва ўмовах закрытасці архіваў ФСБ расейскія навукоўцы паедуць у Кіеў і пасля працы ў тамтэйшых архівах распачнуць публікацыю нязручных для крамлёўскай улады дакументаў.
Гэта напэўна прывядзе да гучных скандалаў у Расейскай Федэрацыі.
Для Беларускага Радыё Рацыі, Украіна
Фота inosmi.ru