Украіна адзначае Дзень Незалежнасці



Украіна адзначае сёння 23 год дзяржаўнай незалежнасці. Галоўнае нацыянальнае свята краіны праходзіць ва ўмовах бесперапынных баёў паміж сепаратыстамі і сіламі нацыянальнай гвардыі на ўсходзе краіны.

У Кіеве ў гэты дзень адбыўся ваенны парад, пройдзе парад вышыванак, кірмашы, парусная рэгата, некалькі канцэртаў і вядома ж салют.

* * *

“Вайна – гэта не наш выбар, яна прыйшла звонку. Наш выбар – мір”, – сказаў пасля сустрэчы ў Кіеве з канцлерам Нямеччыны прэзідэнт Украіны Пётр Парашэнка. Сустрэча адбылася напярэдадні Дня Незалежнасці Украіны, які святкуецца сёння. Парашэнка падзякаваў Меркель за дапамогу, якую яна абяцае аказаць у аднаўленні Данбасу:

– Я хачу падзякаваць канцлеру Нямеччыны за рашэнні, якія мы абгаварылі,  – гэта і лячэнне 20 украінскіх цяжкапараненых вайскоўцаў, якія за кошт нямецкага боку будуць лячыцца ў Германіі. Гэта і адкрыццё спецфонду, які будзе агалошаны ў верасні, дзе нам будуць выдаткаваныя 500 млн еўра, дзякуючы спецыяльнаму плану на аднаўленне інфраструктуры Данбасу. Мы ўсе памятаем „план Маршала” для пасляваеннай Еўропы. Сёння можна сказаць, што гэта пачатак “плану Меркель” для аднаўлення Данбасу.   

Пётр Парашэнка  выказаў падзяку народу Нямеччыны за падтрымку народа Украіны ў яго імкненні да міру і дэмакратыі. У сваю чаргу, Ангела Меркель адзначыла, што  ў Кіеве абмеркавалі пытанні падтрымкі Нямеччынай Украіны ў складаныя для яе часы, а таксама „шлях да міру”.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота korrespondent.net