Украіна: год пасля Майдана (абноўлена)
Не ўсе патрабаванні Еўрамайдана выкананыя, кажа ўкраінскі палітолаг Аляксандр Салантай. Год таму ў цэнтры Кіева ў ходзе сутыкнення пратэстоўцаў з праваахоўнікамі загінулі больш за сотню чалавек. 22 лютага Вярхоўная Рада Украіны пазбавіла Віктара Януковіча ўлады. Але нельга сказаць, што Еўрамайдан канчаткова перамог і завершыўся, кажа Аляксандр Салантай:
– Ён яшчэ працягваецца і звязаны з тым, што адбывалася год таму. Фармальна выглядае, што Майдан прайшоў, скончыўся трагічна, але дасягнуў сваёй галоўнай мэты. Але ўсё ж не ўсе задачы, пастаўленыя напачатку, Еўрамайдан ажыццявіў, не ўсе патрабаванні выкананыя.
Ва Украіне цягам некалькіх дзён адбываюцца ўрачыстасці ў памяць ахвяраў Еўрамайдана і перамогі так званай “Рэвалюцыі годнасці”. У нядзелю ў Кіеве пройдзе марш памяці ахвяраў, у якім прымуць удзел кіраўніцтва Украіны і замежныя дэлегацыі.
* * *
У Кіеве праходзяць жалобныя ўрачыстасці, прымеркаваныя гадавіне расстрэлу Майдана. На месцах смерці актывістаў Майдана ўжо ад серады жыхары ўкраінскай сталіцы і іншых рэгіёнаў ускладаюць кветкі і запальваюць свечкі. Увечары мерапрыемствы будуць адбывацца на Майдане Незалежнасці, дзе ўлады ўжо ўсталявалі сцэну. Сённяшняя ўлада, у адрозненне ад папярэдняй, не будзе баяцца выйсці на сцэну Майдана, кажа ўкраінскі палітолаг Аляксандр Салантай.
– Будуць выступаць палітыкі, прадстаўнікі ўлады і з каманды прэзідэнта, і з боку Вярхоўнай Рады ды Кабінета Міністраў. Таму гэта не будуць толькі людзі з народа і шоу-бізнесу. Гэта час новага Майдана, не такога, які быў раней, калі ўлада не прыслухоўвалася да людзей і была адарваная ад народа.
Год таму ў час супрацьстаяння ў цэнтры Кіева 18-20 лютага загінула больш за сотню ўдзельнікаў пратэстаў і супрацоўнікаў украінскага Беркута. Напярэдадні кіраўнік СБУ Валянцін Налівайчанка паведаміў, што расстрэл і ўдзельнікаў, і праваахоўнікаў ажыццяўляла група замежных снайпераў.
Зміцер Косцін, Беларускае Радыё Рацыя
Фота vip.volyn.ua