Украіна і Расея напярэдадні перамоваў



Украінскі бок, безумоўна, хоча, каб Расея спыніла падтрымку сепаратыстаў у Данбасе, і гатовы да інтэрнацыяналізацыі падзеяў на Усходняй Украіне. Але гэта не азначае прысутнасці выключна Расеі, сказаў беларускі палітолаг Алесь Лагвінец напярэдадні сустрэчы ўкраінскага і расейскага прэзідэнтаў у Менску 26-га жніўня:

– Наколькі пагодзіцца Расея з прысутнасцю міжнародных наглядальнікаў, з адказнасцю міжнародных арганізацый за тое, што адбываецца. Ці гатова Расея ўвогуле спыніць падтрымку сепаратыстаў? Бо заклікаць да спынення агню – гэта адно, а тут пытанне канкрэтных крокаў. І часам Нямеччына, Францыя пагаджаюцца на сустрэчы з расейскім лідарам, з міністрам замежных спраў, саромеючыся агучыць канкрэтную прэтэнзію да Расеі, а менавіта – спыніць дэ-факта вайну супраць Украіны.

Канцлер Нямеччыны Ангела Меркель упэўнена, што канфлікт паміж Расеяй ды Украінай можна вырашыць толькі дыпламатычным шляхам пры дапамозе перамоваў. „Перамовы ўжо былі ў Нармандыі, цяпер будуць у Менску. Не будзе іншага рашэння, акрамя дыпламатычнага”. Пра гэта яна заявіла ў Кіеве ў час сумеснай прэс-канферэнцыі з прэзідэнтам Украіны Пятром Парашэнкам.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота elise.com.ua