Украіна папярэдзіла жыхароў акупаваных тэрыторый пра крымінальную адказнасць за ўдзел у «рэферэндумах»
«Калі будзе даказанае калабаранцтва, ці, напрыклад, удзел у рэферэндуме, або падахвочванне да ўдзелу ў рэферэндуме, то людзі могуць атрымаць да 12 гадоў з канфіскацыяй», – заявіла віцэ-прэм’ер Ірына Верашчук.
Пры гэтым яна заклікала ўкраінцаў эвакуявацца з акупаваных тэрыторый. Верашчук таксама адзначыла, што калі эвакуявацца немагчыма, то лепш не ўдзельнічаць у «галасаванні ні пад якім ціскам, ніякім гвалтоўным прымусам».

Верашчук упэўнена, што на «рэферэндумы», калі яны адбудуцца, у акупаваных Херсонскай і часці Запарожскай абласцей прыйдзе менш за 2% жыхароў, якія там засталіся.
Расейскія вайскоўцы цяпер кантралююць частку Запарожскай вобласці Украіны, у тым ліку гарады Мелітопаль і Энергадар, а таксама Херсонскую вобласць, Луганскую вобласць і большую частку Данецкай. У акупацыйных «вайскова-грамадзянскіх адміністрацыях» заявілі пра планы неўзабаве правесці рэферэндумы аб далучэнні да Расеі.
