Украіна прадставіць ІПН доступ да архіўных спраў “польскай аперацыі НКВД”
Дамова пра супрацу будзе падпісаная 26 сакавіка. Сярод дакументаў, якія маюць для польскага боку несумненную гістарычную каштоўнасць, – справы-фармуляры, пратаколы допытаў, статыстычная інфармацыя пра колькасць расстраляных палякаў, а таксама смяротныя прысуды.
Нагадаем, што ва Украіне ўсе архівы савецкіх спецслужбаў рассакрэчаныя ў 2015 годзе. Сітуацыю наконт адкрытасці архіваў савецкіх рэпрэсіўных органаў каментуе Андрэй Когут – дырэктар Галіновага Архіва Службы Бяспекі Украіны:
– Усе гэтыя дакументы маюць быць адкрытымі для ўсіх. Усе ранейшыя савецкія грыфы «совершенно секретно» ў нас знятыя. Адпаведна, з гэтымі дакументамі можна азнаёміцца. Увогуле, найбольшы адкрыты архіў КДБ, які ёсць у свеце, – гэта ў нас, і ўсе дакументы знаходзяцца ў вольным доступе.
Падчас “польскай аперацыі” НКВД на тэрыторыі былога СССР, па розных дадзеных, было расстраляна і асуджана да лагерных тэрмінаў ад 70 да 111 тысяч этнічных палякаў.
Беларускае Радыё Рацыя