Парашэнка заявіў пра вывад украінскіх войск з Дэбальцава (абноўлена)



Прэзідэнт Украіны Пётр Парашэнка заявіў, што аперацыя па вывадзе войскаў з Дэбальцава Данецкай вобласці завершана, паведамляе news.mail.ru.

p De129482

«Мы ўжо маем завершаную аперацыю», – сказаў прэзідэнт у сераду ў аэрапорце «Барыспаль». «Нашы часткі і падраздзяленні выйшлі цалкам з баявой тэхнікай», – дадаў ён.

* * *

Украіна выводзіць войскі з раёну Дэбальцава, пра гэта паведаміў прэзідэнт Украіны. Рашэнне пра вывядзенне вайскоўцаў, чальцоў нацыянальнай гвардыі і міліцыянтаў было прынятае ўначы.

Для планавага вывядзення войскаў праводзілася спецаперацыя, адзначыў Пятро Парашэнка:

– Узброеныя сілы Украіны разам з Нацыянальнай гвардыяй завершылі аперацыю па планавым і арганізаваным вывадзе чаткак і падраздзяленняў з Дэбальцава. Сёння мы ўжо можам сказаць, што зараз выйшла  80% падраздзяленняў, чакаем яшчэ дзве калоны.

Дэбальцава амаль цалкам кантралююць прарасейскія баевікі. Баі пры гэтым працягваюцца ў раёне сяла Чарнухіна, размешчанага непадалёк Дэбальцава. Прэзідэнт Украіны накіраваўся ў штаб Антытэрарыстычнай аперацыі, размешчаны на Данеччыне. Там сёння пройдзе выязное паседжанне Рады нацыянальнай бяспекі Украіны.

* * *

Супярэчлівая інфармацыя прыходзіць з раёна Дэбальцава. Паводле прэс-цэнтра антытэрарыстычнай аперацыі „ў Дэбальцава трывае аперацыя”.

„Грамадскае тэлебачанне” паведамляе пра вывад украінскіх войскаў з Дэбальцаўскага плацдарму. У сваю чаргу расейскія СМІ кажуць пра захоп Дэбальцава і палон 300 украінскіх вайскоўцаў.

Вельмі складана ў гэты момант атрымаць рэальную інфармацыю з раёна баёў, кажа ўкраінскі палітолаг Яраслаў Чарназуб:

– На столькі жорсткіх баёў не было за ўвесь час канфлікту. Вельмі прынцыповае пытанне і для ўкраінскага боку і для агрэсара. З часам мы пабачым, якая рэальная сітуацыя. Відавочна, што для баевікоў Дэбальцава з’яўляецца прынцыповым пытаннем – гэта той козыр, які яны хочуць прынесці ў капілку Пуціна, таму ўсё ў руках нашых камандзіраў, нашых байцоў.

Акрамя Дэбальцава сутыкненні адбываюцца і ў раёне Марыупаля. Штаб АТА паведамляе пра спробу штурму Шырокіна, што ў 20 кіламетрах ад Марыупаля.

Цяжкія баі ў раёне Дэбальцава ідуць са студзеня. На саміце „нармандскай чацвёркі” ў Менску прэзідэнт РФ Уладзімір Пуцін заявіў, што ў „катле” пад Дэбальцавам знаходзяцца 6-8 тысяч украінскіх жаўнераў.

* * *

Маршалак польскага сейма Радаслаў Сікорскі каментуючы апошнія падзеі на ўсходзе Украіны адзначае:

– Групоўкі, якія да гэтага часу лічыліся еўраскептыкамі, сёння бачаць, наколькі важнымі былі ініцыятывы на карысць узмацнення супольнай еўрапейскай замежнай палітыкі і бяспекі. Мы ўсе ведаем ад чаго залежыць перамір’е – ад рашэння, якія прымаюцца з Маскве, дзе знаходзіцца ключ ад гэтай сітуацыі і гэта рашэннем прэзідэнта Пуціна ўмовы перамір’я будуць выконвацца або не.

„Мы высока ацэньваем тыя дамоўленасці, якія былі дасягнутыя ў Менску”, – заявіў прэзідэнт Расеі Уладзімір Пуцін у Будапешце на прэс-канферэнцыі па выніках візіту ў Венгрыю.

Крэмль адмаўляе ўдзел расейскіх вайскоўцаў у баявых дзеяннях на Данбасе і пастаўках зброі баявікам у гэты рэгіён.

* * *

Дыпламатычным шляхам Пуціна не спыняць ні прэзідэнт Францыі, ні канцлер Нямеччыыны, лічыць віцэ-старшыня Еўрапейскага Парламенту Рышард Чарнэцкі:

– Дзеянні заходніх дыпламатаў, прэзідэнта Францыі і канцлера Нямеччыыны зменшылі колькасць ахвяр, але не спынілі агрэсіі. Зараз колькасць забітых працягвае расці.

„Мы высока ацэньваем тыя дамоўленасці, якія былі дасягнутыя ў Менску”, — заявіў прэзідэнт Расеі Уладзімір Пуцін па выніках візіту ў Венгрыю.

Паводле яго слоў , адзначаецца значнае зніжэнне баявой актыўнасці, колькасць абстрэлаў і ўзаемных удараў па ўсёй лініі сутыкнення ўпала ў разы. ”

Тым часам у Дэбальцава, якое ўжо у час гэтак званага пераміря  перайшло пад кантроль сепаратыстаў, не дапускаюць нават назіральнікаў ад АБСЕ.

* * *

Паводле апошніх паведамленняў, украінскія войскі адступілі з Дэбальцава. Кіеў заяўляе, што будзе адэкватны адказ на атакі, але пакуль не вядома, якія дзеянні будуць прадпрынятыя.

“Хлопцы ляжаць забітыя” – паведамляе адна з валанцёрак з Дэбальцава, словы якой перадаюць СМІ. “Украінскія жаўнеры апынуліся часткова заблакаванымі ў Дэбальцаве, пад’яздныя дарогі да гэтага важнага транспартнага вузла абстрэльваюць сепаратысты”, – кажа ўкраінскі журналіст Паўло Зуб’юк.

РР: Ці Расея перамагае? І выйшла пераможцай з апошніх менскіх дамоўленасцяў?

– Нехта кажа пра тое, што Расеі далі апошні шанец, каб сітуацыя абыйшлася без больш сур’ёзных санкцый і без таго, каб Украіна атрымлівала зброю ад Захаду. Што тычыцца Дэбальцава, там была адна рэспубліканская траса і адна мясцовая дарога, якую больш-менш кантралявалі ўкраінскія войскі, але цяпер не катралююць. Фактычна сепаратысты цяпер гэтыя дарогі абстрэльваюць. І даехаць з дапамогай да  ўкраінскіх войскаў – складана, нельга вывозіць параненых і падвозіць боепрыпасы. Працуюць разведвальна-дыверсійныя групы сепаратыстаў, дарогі абстрэльваюць з цяжкой артылерыі. Ці выйграў Пуцін? Складана казаць, што, чалавек, які парушае міжнародныя пагадненні – ён выйграе.

РР: Ці быў сэнс бараніць Дэбальцава, ведаючы ўсе акалічнасці і падвод тэхнікі з боку сепаратыстаў?

– Рэч у тым, што гэта вялікі чыгуначны вузел, які спалучае Данецк з Луганскам. Са стратэгічнага пункту гледжанння для ўкраінскіх войскаў гэта вельмі важны пункт, каб разрубаць спалучэнне ДНР і ЛНР. Канешне, ведаючы пра тое, колькі расейскай вайсковай тэхнікі падагналі сюды, можна сказаць, што магчыма мудра было вывесці войскі. Але фактычна ўкраінскае кіраўніцтва лічыла да апошняга моманту, што Пуцін пасля 15 чысла не будзе стымуляваць актыўнасць баевікоў, а той заплюшчыў вочы на дамоўленасці.

Паўло Зуб’юк звяртае ўвагу, што з вуснаў дыпламатаў і на пасяджэннях Рады Еўропы загучала фраза “расейскае войска”  замест прарасейскіх баевікоў або сепаратыстаў. “Гэта можа азначаць далейшыя санкцыі і далейшую падтрымку Украіны, у тым ліку і зброяй”, – кажа журналіст.

Яна Запольская/Валянціна Лаеўская, Беларускае Радыё Рацыя

Фота Facebook Пятра Парашэнка