Украіна рыхтуецца да Дня Незалежнасці



 

ff77610dedd600aef138c8a9f1c2b261Украіна рыхтуецца адсвяткаваць Дзень Незалежнасці. У Кіеве асцерагаюцца тэрактаў і ўзмацняюць меры бяспекі.

Больш падрабязна – наш украінскі карэспандэнт Марцін Война.

– Кіеўскія вуліцы на Дзень Незалежнасці будуць ахоўваць амаль 5000 міліцыянтаў, вайскоўцаў і нацыянальных гвардзейцаў. Таксама плануецца задзейнічаць кінолагаў з сабакамі і спецыялістаў па размінаванні. Служба Бяспекі Украіны і Міністэрства надзвычайных сітуацый пераводзіцца ва ўзмоцнены рэжым. На выездах з украінскай сталіцы будуць арганізаваныя пункты праверкі транспарту. Таксама плануецца частковае перакрыццё руху ў цэнтры Кіева.

Напярэдадні святкавання СБУ афіцыйна абвесціла пра магчымасць правакацый, а таксама пра магчымы наступ прарасейскіх баевікоў з боку ДНР і ЛНР.

Святкаванне Дня Незалежнасці пачынаецца 24 жніўня. Плануецца вайсковы парад, а таксама нефармальныя мерапрыемствы: спорт, мастацтва, выставы. Але большасць мерапрыемстваў так ці інакш будзе звязаная з Антытэрарыстычнай аперацыяй.

Марцін Война, Беларускае Радыё Рацыя, Украіна

Фота vistibal.ucoz.ua