Украіна святкуе Першае траўня (абноўлена)



Ва Украіне працягваюцца святкаванні Першага траўня. Як і чакалася, не абыйшлося без правакацый.

У Кіеве колькі сотняў мясцовых камуністаў на чале з Пятром Сіманенкам сабраліся на мітынг каля музея Вялікай Айчынай вайны. Ім супрацьстаялі праўкраінскія актывісты. Падчас спрэчкі галоўнага ўкраінскага камуніста аблілі кефірам. Хулігана затрымала міліцыя, сам Сіманенка ўцёк, у выніку мітынг так і не адбыўся.

У прыфрантавым Харкаве, дзе ўсе масавыя акцыі на 1 траўня забароненыя праз суд, група пенсіянераў паспрабавала арганізаваць мітынг пад лозунгамі “Мир, труд, май!», “Да здравствует Советский Союз!” і “Слава России!”. У выніку адбылося колькі сутычак з прадстаўнікамі “Грамадскай варты Харкава”. Пасля з’яўлення праваахоўнікаў пенсіянеры разыйшліся.

* * *

Ці не большасць украінцаў у гэтыя дні выправілася на лецішчы, каб працаваць на градах. Але ж шмат хто збіраецца адведаць святочныя мерапрыемствы, запланаваныя ў буйных гарадах. Украінскія ўлады асцерагаюцца тэрарыстычных актаў і правакацый.

Так, сёння кіеўскіе камуністы паабяцалі правесці шэсце ў цэнтры сталіцы, а актывісты грамадскай арганізацыі “Правы сектар” – перашкодзіць ім гэта зрабіць. Падобныя канфлікты могуць выбухнуць і ў іншых гарадах, асабліва ў Адэсе і Харкаве. Міліцыя і спецслужбы краіны прыведзеныя ў стан найвышэйшай гатоўнасці.

Паводле кіеўскіх уладаў, сёлетні Першамай стане ці не самым напружаным за ўвесь час яго святкавання ва Украіне.

Для Беларускага Радыё Рацыя – Марцін Война, Украіна