Украіна: выклікі часу
25 кастрычніка жыхары рэгіёнаў, якія знаходзяцца пад юрысдыкцыяй Кіева, будуць абіраць прадстаўнікоў мясцовай улады розных узроўняў.
Нягледзячы на вялікія чаканні, закон, паводле якога будуць праводзіцца выбары, адзін з найгоршых выбарчых законаў за ўсю гісторыю незалежнай Украіны, мяркуе ўкраінскі палітолаг Яраслаў Чарназуб:
– Так званая апазіцыя, якую de facto мы ўжо не бачым, стварыла такую сітуацыю, з якой Україна будзе яшчэ доўгі час разбірацца. Будуць тэрыторыі, якія, на жаль, не будуць прадстаўленыя сваімі дэпутатамі на абласным роўні. Сам закон прадукуе несправядлівы падыход да выбарца, які хоча аддаць свой голас і мець свайго прадстаўніка на абласным і раённым узроўні. Сёння ва Украіне разгортваецца вострае процістаянне палітычных плыняў, якія з’яўляюцца членамі кааліцыі, і якія не з’яўляюцца імі. Гэта звязана з жаданнем падвысіць свае ўнутрыдзяржаўныя рэйтынгі, якія нашы кіеўскія палітыкі спадзяюцца спраектаваць на рэгіёны. На мой погляд, гэта ў нейкай ступені палітычна мэтазгодна, бо людзі будуць галасаваць за сваю найбліжэйшую ўладу, за людзей, якіх яны ведаюць, якія жывуць з імі на адной тэрыторыі. Але гэты закон, на жаль, не даў украінцам мажлівасці абнавіць палітычную эліту як на мясцовым, так і на агульнадзяржаўным узроўні.
РР: Мясцовыя выбары на тэрыторыі, якую кантралююць так званыя ДНР і ЛНР, пройдуць18 кастрычніка. Пра гэта заявілі кіраўнікі самаабвешчаных рэспублік. Якая рэакцыя ва Украіне на тое, што яны абвесцілі свае выбары раней і будуць праводзіць іх невядома па якім заканадаўстве?
Яраслаў Чарназуб: Прыняцце такога рашэння грае на руку Украіне адназначна. Гэта паказвае, што ні самаагалошаныя ДНР і ЛНР, ні Расея не маюць жадання ўрэгуляваць канфлікт і выканаць Менскія дамоўленасці. Дамоўленасці дзейнічаюць да канца года, а невыкананне адным з бакоў гэтых дамоўленасцяў дае нам карт-бланш на тое, каб мы рабілі больш жорсткай нашую пазіцыю, вымагалі ад сваіх саюзнікаў ЗША і ЕЗ таксама прымаць больш жорсткую пазіцыю для падпісання пагаднення новага фармату. Відавочна, што яно будзе падпісана, і гэта дае нам магчымасць палепшыць нашыя перамоўныя пазіцыі.
РР: Ці няма адчування, што вайна ва Украіне адыходзіць на другі план побач з праблемамі мігрантаў у Еўропе і абвастрэннем сітуацыяй у Сірыі?
Яраслаў Чарназуб: Відавочна, што гэтыя праблемы больш важныя і для ЗША, і для Еўропы. Аднак хачу падкрэсліць, што сірыйская праблема звязаная у тым ліку і з Расейскай Федэрацыяй, якая выступае актыўным удзельнікам гэтага канфлікту. Як, у сваю чаргу, і актыўным бокам канфлікту ва Украіне. Зыходзячы з гэтага, мне падаецца, што гэта можа паспрыяць таму, што і ЗША, і ЕЗ маглі б разглядаць Расею ўжо не як лакальнага гульца на еўрапейскай прасторы, а як глабальную сілу, якая нясе згубныя наступствы для спакою і стабільнасці планетарнага маштабу. Таму мне відавочна, што і аналітыкі, і эксперты, якія радзяць кіраўнікам дзяржаў, будуць трымацца думкі, што да Расейскай Федэрацыі трэба падыходзіць не выбарачна, а комплексна, і гэты падыход мае быць абсалютна адэкватным да тых агрэсіўных дзеянняў, якія праводзіць расейскі ўрад і яго кіраўніцтва.
Гутарыў Зміцер Косцін, Беларускае Радыё Рацыя
Фота zz.te.ua