Украіна забараніла канал „Беларусь-24”
Пра гэта ў эфіры праграмы „Вечар з Мікалаем Княжыцкім” на Еспресо.TV – распавёў старшыня Нацыянальнай рады ў пытаннях тэлебачання і радыёвяшчання Украіны Юры Арцёменка. Паводле яго, агулам адключаныя 17 каналаў, перадусім расейскіх, аднак пад забарону трапіў і тэлеканал „Беларусь-24”:
– Канал, я так скажу, праўкраінскі, ён дае аб’ектыўную інфармацыю. Але ў адной перадачы, якая дарэчы ішла зранку, быў нейкі жах – гэта параўнанне з фашыстамі ўсіх украінцаў, жыдамасонамі, я не памятаю дэталяў. Мы забаранілі яго, а рэакцыяй беларускага МЗС і Беларускай тэлерадыёкампаніі было: „Прабачце, але за адным асобным сюжэтам вы не разгледзелі агульную канцэпцыю ўсяго канала”.
„У адказ на заўвагу беларускага Міністэрства замежных спраў, украінскі бок напісаў ліст наступнага зместу: „дайце нам гарантыю, што не будзеце хлусіць, і мы зноў вернем канал”, – расказаў Юры Арцёменка.
Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя