Міністэрства аброны Украіны: у сепаратыстаў больш за 700 танкаў
Украінскае Міністэрства абароны заяўляе, што на Данбасе ваююць каля 33 тысяч баевікоў і каля 12 тысяч расейскіх вайскоўцаў.
Пра гэта афіцыйна заявілі ў Дэпартаменце сацыяльнай і гуманітарнай палітыкі Міністэрства абароны Украіны.
Украінскае Міністэрства абароны таксама паведаміла, што баевікі маюць чатыры аператыўна-тактычныя ракеты “Точка-У”, каля 500 БМП і БТР-аў, а таксама больш за 700 танкаў, прытым 190 з іх – у складзе Узброеных сілаў Расейскай Федэрацыі. Уся вайсковая тэхніка – выключна расейскай вытворчасці.
У Міністэрства абароны Украіны катэгарычна аспрэчылі тлумачэнні непрызнаных ДНР і ЛНР, што ўся гэтая тэхніка нібыта захопленая ў арсеналах украінскіх вайскоўцаў. “Мы ніколі не разглядалі мажлівасць расейскай вайсковай пагрозы, і таму Луганская і Данецкая вобласці былі дэмілітарызаваныя”, – паведамілі высокапасадоўцы ўкраінскага Генштаба”.
Ад 15 лютага на Данбасе дзейнічае рэжым перамір’я, прапісаны ў менскіх пагадненнях, але міжнародныя назіральнікі штодня фіксуюць парушэнне гэтага рэжыму.
Марцін Война, Беларускае Радыё Рацыя