Еўрадэпутат абвясціў галадоўку ў падтрымку Надзеі Саўчанкі (абноўлена)



ЗША заклікаюць Расею неадкладна вызваліць Надзею Саўчанку і ўсіх украінскіх закладнікаў, заявіла прэсавы сакратар Дзяржаўнага дэпартамэнту ЗША Джэн Псакі.

Яна нагадала, што гэта абавязацельства Расея ўзяла на сябе, падпісаўшы Менскія дамоўленасці ў верасні мінулага года. Акрамя таго, сказала прэс-сакратар, ЗША выказваюць сур’ёзныя турботы з нагоды паведамленняў пра дрэнны стан здароўя Саўчанкі, якая «застаецца закладніцай расейскай улады».

Надзея Саўчанка пачала галадоўку ў маскоўскім СІЗА 13 снежня мінулага года і працягвае яго да гэтага часу.

* * *

Еўрапарламентар ад Літвы Пятрас Аўштравічус вырашыў абвясціць галадоўку. Так літоўскі палітык выказвае сваю пазіцыю у справе ўкраінскай лётчыцы Надзеі Саўчанкі, якая арыштаваная і знаходзіцца ў Расеі.

Галадоўку абвяшчаюць па ініцыятыве Аб’яднанай групы сяброў Украіны. Еўрапарламентарыі будуць галадаць па чарзе, літоўскі дэпутат — першы.

Надзея Саўчанка – ўкраінская вайсковая лётчыца, афіцэр, захопленая прарасейскімі сепаратыстамі ў баях на ўсходзе Украіны і таемна перавезеная ў Расею, дзе яе абвінавацілі ў датычнасці да гібелі расейскіх журналістаў, трымае галадоўку ўжо 55 дзён.

Галадаць Пятрас Аўштравічус збіраецца да пятніцы, затым перадасць эстафету сваім калегам. Паводле яго слоў, ахвотных удзельнічаць у акцыі нямала.

* * *

Надзея Саўчанка патрабуе вызвалення. Аднак расейскае следства накіравала ў сераду запыт аб працягу тэрміну яе арышту да 13 траўня. Басманны раённы суд Масквы мае разгледзець хадайніцтва следcтва 10 лютага.

Украінская лётчыца Надзея Саўчанка, якая знаходзіцца ў маскоўскай турме паводле абвінавачваньня ў датычнасці да забойства двух расейскіх журналістаў, галадае ўжо больш за 50 дзён.

Як распавёў украінскай службе Радыё Свабода адвакат Ільля Новікаў, які наведаў сваю падабаронную ў бальніцы маскоўскага ізалятара «Матроская цішыня», Саўчанка штодня выпівае каля двух літраў вады, дазваляе лекарам ўводзіць ёй прэпараты, якія яны лічаць патрэбным, але ад ежы адмаўляецца. Па словах Новікава, яна «павольна памірае».

Украінскую лётчыцу перавялі ў турэмны шпіталь 29 студзеня – у сувязі з рэзкім зніжэньнем вагі.

У той жа дзень стала вядома, што супраць яе пачалі новую крымінальную справу — паводле абвінавачвання ў незаконным перасячэнні мяжы.

28 студзеня Парламенцкая Асамблея Рады Еўропы (ПАРЭ) заклікала расейскія ўлады вызваліць Надзею Саўчанку і забяспечыць яе вяртаньне ва Украіну.

Беларускае Радыё Рацыя